Учора на тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм «Спэцапэрацыя „Гарпун“», прысьвечаны затрыманаму ў пачатку траўня 2025 году апазыцыйнаму актывісты Паўлу Бялюціну. Паводле аўтараў стужкі палітычныя эмігранты, у тым ліку Бялюцін, рыхтавалі дронавыя атакі на Астравецкую АЭС. Пракамэнтаваць гэты фільм Свабода папрасіла Станіслава Лупаносава, прадстаўніка аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol, былога супрацоўніка ГУБАЗіКа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандысцкі фільм абвінаваціў увезенага ў Беларусь актывіста апазыцыі ў рыхтаваньні дронавай атакі на АЭС— Учора тэлеканал АНТ паказаў прапагандысцкую стужку «Спэцапэрацыя „Гарпун“» пра затрыманага КДБ Паўла Бялюціна. КДБ заявіла, што Бялюцін разам зь іншымі палітэмігрантамі рыхтавалі дронавыя атакі на Астравецкую АЭС. У красавіку летась Валер Сахашчык паведаміў, што ў асяродзьдзі эмігрантаў распрацоўваюцца пляны атакі на крытычную інфраструктуру Беларусі. Дык можа і праўда такія пляны распрацоўваліся і Бялюцін быў удзельнікам гэтага плянаваньня?
Станіслаў Лупаносаў. Архіўнае фота
— Ніхто іншы, акрамя КДБ, не займаецца плянаваньнем такіх апэрацый для таго, каб дыскрэдытаваць апазыцыю. Насамрэч ніхто ў здаровым розуме і ў цьвёрдай памяці ня будзе нічога плянаваць у краіне, якая яго прытуліла і гарантавала бясьпеку. Думаю, што Валер Сахашчык тады стаў свайго роду ахвярай правакацый спэцслужбаў. Яму падсунулі «качку». І ён, на жаль, купіўся на яе. Адзіныя, хто плянуе такія апэрацыі — гэта КДБ Беларусі або ФСБ Расеі. Гэта спэцслужбы краінаў, якія вядуць вайну з Украінай. І з тымі краінамі, якія дапамагаюць Украіне адстойваць яе незалежнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АПК не камэнтуе ліст Сахашчыка пра «падрыхтоўку акту агрэсіі» на тэрыторыі Беларусі— Але ў лютым 2023 году была атака як раз дронамі на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах. Яе хіба КДБ Беларусі распрацавала?
— Не, вядома, але гэта была зусім іншая мэта і іншая матывацыя. У Мачулішчах быў ваенны абʼект, які каардынаваў удары па Ўкраіне, па мірным насельніцтве. Гэта была абсалютная легітымная ваенная цэль.
— Вы кажаце, што нікому, акрамя КДБ, не маглі прайсьці ў галаву такія пляны. А чаму? Нехта пацярпеў ад беларускага рэжыму, нехта ваяваў ва Ўкраіне, некаторыя кажуць, што трэба дзейнічаць, змагацца з рэжымам, а не балбатаць і красавацца на дыпляматычных фуршэтах. Нехта можа разважаць, што ўдар па інфраструктуры — гэта як раз сапраўднае змаганьне.
— Могуць быць такія людзі і такія думкі. Іх часта падкідаюць у сацыяльныя сеткі якраз спэцслужбы рэжыму. Я вельмі выразна гэта адсочваю, манітору сацсеткі штодня.
Беларускай уладзе выгадна такім чынам дыскрэдытаваць краіны, якія дапамагаюць Украіне і якія даюць прытулак беларускім палітычным эмігрантам.
І які абʼект абраў КДБ для гэтага ўяўнага нападу? Астравецкую АЭС, гэта ж мірны абʼект. Так, ён пабудаваны з парушэньнямі ўсялякіх норм і законаў, у тым ліку зь вялікім карупцыйным складнікам. Але гэта ня той абʼект, на якім варта засяроджваць намаганьні, каб змагацца з рэжымам Лукашэнкі. Ёсьць дастаткова бясьпечныя спосабы барацьбы, у тым ліку выяўленьнем агентуры рэжыму, якой хапае ў краінах Захаду.
— Чаму інфармацыя пра чарговую змову агучваецца менавіта цяпер? Ці не зьвязана гэта з дыялёгам паміж Менскам і Вашынгтонам, з працягам вызваленьня палітвязьняў? Як адзначаюць некаторыя праўладныя палітолягі, гэты працэс далёка ня ўсім ва ўладзе падабаецца. Ці можа «справа Бялюціна» быць напамінам Лукашэнку, што «ворагі ня сьпяць у шапку» і што ў «падлашчваньні» да амэрыканцаў трэба ведаць меру?
— Не, гэта абсалютна не зьвязаныя сюжэты. КДБ трэба было прыкрыць свой правал з працёкам дадзеных са свайго сайту. Сыстэмны адміністратар сайту КДБ павінен быў мяняць паролі, аналізаваць паводзіны. Ён ня даў рады гэтай задачы, таму і адбыўся гэты працёк. Дзякуючы якому, дарэчы, стала вядома, што і Павал Бялюцін, і ягоная знаёмая Вольга Цішкевіч працавалі на рэжым. І КДБ не прыйшло нічога іншага да розуму, як выдаць свой правал за посьпех.
— Паводле КДБ, была праведзеная тонкая апэрацыя, выдадзеная база дадзеных, каб «Кібэрпартызаны» атрымалі фальшывы данос Бялюціна на Мікалая Аўтуховіча. Гэта нібыта дыскрэдытавала Бялюціна ў вачах літоўскіх уладаў і яму не далі прытулак у Літве. І што? Якой мэты КДБ такім чынам дасягнуў?
— Сюжэт, паказаны па АНТ, разьлічаны выключна на прапагандысцкі эфэкт. Паводле вэрсіі КДБ, яны самі запоўнілі базу фальшывымі дадзенымі. Гэта прыдумана заднім чыслом, каб выкруціцца з гэтым узломам, які яны праміргалі. Ім трэба было апраўдацца перад начальствам.
А Бялюцін цікавы чалавек. У 2020 годзе яго затрымлівалі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту і прысудзілі толькі штраф. Тады штрафы за гэта давалі толькі жанчынам, мужчынам — суткі адміністрацыйнага арышту. Акрамя Бялюціна.
Ён — іх чалавек, ім трэба было вывесьці свайго агента з распрацоўкі. І ў сюжэце, паказаным па АНТ, яны красамоўна пацьвердзілі, што гэта іх чалавек.
— Дык а ў чым тады сэнс дэманстрацыі гэтай стужкі?
— Паказаць, што яны ўсё ведаюць і што ў іх усё пад кантролем. Яны ня могуць прызнаць, што ведаюць ня ўсё.
Тут можна ўзгадаць апэрацыю «Сьпёка», калі ў 2021 годзе «Кібэрпартызаны» здабылі базу ўсіх пашпартоў грамадзян Беларусі і шмат яшчэ цікавых баз дадзеных. Прызнаць гэтыя правалы яны ня могуць, інакш МУС у поўным складзе трэба саджаць за тое, што дапусьцілі працёк пэрсанальных зьвестак насельніцтва.
Гэты фільм — прапагандысцкая спроба зьняць зь сябе адказнасьць за гэтыя правалы.
— Усім памятная «змова Кастусёва-Зянковіча-Фядуты» — плян нібыта вайсковага перавароту і зрынаньня Лукашэнкі, які ледзь ня з самага пачатку быў пад кантролем спэцслужбаў. Цяпер было заяўлена, што апэрацыя адносна Бялюціна заняла больш за 700 дзён. Тая ж схема?
— Тады, у 2021 годзе, да нас таксама зьвярталіся з прапановай, якую потым зрабілі Кастусёву і Фядуту. Мы тады адразу зразумелі, што яна сыходзіць ад КДБ. Мы тады папярэдзілі нашых партнэраў, у тым ліку і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Да Кастусёва і Фядуты яны падыходы знайшлі. І выманілі іх у Маскву на сустрэчу зь нібыта прадстаўнікамі вайсковай змовы. Спэцслужбы Беларусі ў Расеі і расейскія ў Беларусі заўсёды дзейнічалі як у сябе дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянковіч расказаў пра сваю ўгоду са сьледзтвам і ўмовы ў СІЗА КДБ