Аляксандар Лукашэнка ўхваліў рашэньне аб памілаваньні 16 чалавек, асуджаных за розныя злачынствы, у тым ліку «экстрэмісцкай накіраванасьці».
«Сярод памілаваных 8 жанчын і 8 мужчын. Трое зь іх маюць хранічныя захворваньні, адзін — інвалід. Дзевяць маюць непаўналетніх дзяцей», — паведаміў Telegram-канал «Пул первого», зьвязаны з прэсавай службай Аляксандра Лукашэнкі.
Адзначаецца, што Лукашэнка «задаволіў хадайніцтвы аб памілаваньні напярэдадні Дня Незалежнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адміністрацыі Лукашэнкі заявілі, што ён задавальняе палову хадайніцтваў аб памілаваньніРаней кіраўніца камісіі ў пытаньнях памілаваньня і вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці Вольга Чупрыс паведамляла, што за пяць месяцаў 2025 году Аляксандр Лукашэнка задаволіў 50 працэнтаў хадайніцтваў аб памілаваньні. Спраўдзіць гэтую інфармацыю немагчыма.
Пачынаючы з 2024 году, «памілаваныя 300 палітвязьняў», адзначылі праваабаронцы 21 траўня ў сумесным маніфэсьце з нагоды Міжнароднага дня салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.
Апошняе памілаваньне адбылося 7 траўня — Лукашэнка памілаваў 42 чалавекі, якіх асудзілі за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці».
Сярод іх 18 жанчын і 24 мужчыны, 13 маюць хранічныя захворваньні, адзін інвалід. У 24 -х асуджаных непаўналетнія дзеці, двое шматдзетныя, 10 чалавек старэйшыя за 50 гадоў, адзін дасягнуў пэнсійнага ўзросту.
Праваабаронцы заклікалі ўлады працягнуць працэс вызваленьня палітвязьняў, а дэмакратычных палітыкаў — выкарыстоўваць усе магчымыя інструмэнты і мэханізмы, каб спрыяць вызваленьню, у тым ліку шляхам дыпляматычных ініцыятываў і гуманітарных перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў 42 палітвязьняў