З 2020 году зьліквідавалі ня менш за 1944 некамэрцыйныя арганізацыі, у 2025-м зарэгістравалі 15 новых, — Lawtrend

Ілюстрацыйнае фота

За няпоўныя пяць гадоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і па чэрвень 2025-га у Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1944 некамэрцыйныя арганізацыі (НКА) — аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі.

Пра гэта гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец траўня ўсяго было зьліквідавана ня менш як 1936 НКА, красавіка — 1926, сакавіка — 1917, лютага — 1905, студзеня — 1896, на канец 2024 году — 1891, за мінулы год — мінімум 382.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец чэрвеня 2025 году ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзяцца ня менш за 1192 некамэрцыйныя арганізацыі. На канец траўня такіх было 1190, красавіка 1189, сакавіка — 1188, студзеня — ня менш за 1187, сьнежня 2024-га — 1186.

Рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі ня менш за 752 НКА (у тым ліку ў чэрвені — 6). На канец траўня такіх было 746, красавіка — 737, сакавіка — 729, лютага — 717, студзеня — 709, на канец 2024 году — 70.

Праваабаронцы з Lawtrend адзначаюць, што цяпер ліквідацыя НКА стала насіць скіраваны характар. Гэта зьвязана ў першую чаргу з тым, што шмат арганізацый ужо зьліквідавана.

У чэрвені стала вядома аб рашэньні прымусова зьліквідаваць сацыяльна-дабрачынную ўстанову «Стары кот» і прыватны навучальны цэнтар «Школа прыгажосьці „Пяты элемэнт“».

Працягваецца перарэгістрацыя рэлігійных арганізацыяў. Арганізацыі, якія ня пройдуць перарэгістрацыю да 5 ліпеня 2025 году, падлягаюць ліквідацыі праз суд, а іх дзейнасьць будзе незаконнай.

Паводле Lawtrend, у першай палове 2025 году зарэгістравана ня менш за 15 некамэрцыйных арганізацый: 10 недзяржаўных установаў (4 установы дадатковай адукацыі, тры ў сфэры абароны жывёлаў, дзьве спартовыя і адна дабрачынная), чатыры грамадзкія аб’яднаньні і адзін фонд.

Характар дзейнасьці зарэгістраванага фонду — падтрымка і разьвіцьцё творчых ініцыятываў. Два зарэгістраваныя грамадзкія аб’яднаньні спартовыя, адно займаецца абаронай жывёлаў, адно прафэсійнае.

Усе недзяржаўныя ўстановы зарэгістраваныя ў рэгіёнах, у той час як фонд і большасьць грамадзкіх аб’яднаньняў маюць юрыдычны адрас у Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія праваабаронцы падрыхтавалі даклад аб выкананьні правоў чалавека ў працоўнай сфэры і зьвярнуліся ў МАП


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціск, цэнзура і рэпрэсіі: Беларускі ПЭН апублікаваў справаздачу аб парушэньнях культурных правоў у 2024 годзе