«Рэпрэсіі больш не абмяжоўваюцца тэрыторыяй нашай краіны», — у Радзе правоў чалавека ААН абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі

2 ліпеня ў Жэневе прайшоў сайд-івэнт, прысьвечаны сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Да сустрэчы, арганізаванай Літвой і Латвіяй, далучыўся дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па прававых пытаньнях Леанід Марозаў, паведамляе Тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Паводле паведамленьня, фокус увагі ўдзельнікі скіравалі на перасьлед палітвязьняў, журналістаў і актывістаў, а таксама транснацыянальныя рэпрэсіі. Высновы абмеркаваньня ў паведамленьні пададзеныя наступным чынам:

  • у Беларусі рэжым трымае за кратамі больш за 1200 палітвязьняў; як мінімум 10 зь іх — у поўнай ізаляцыі;
  • рэжым усё больш актыўна выкарыстоўвае завочныя суды і міжнародныя ордэры, каб запалохваць беларусаў і беларусак за мяжой;
  • незалежныя СМІ і НДА зьнішчаюцца: рэжым ліквідаваў ня менш за 1186 арганізацыяў, дзясяткі журналістаў асуджаныя або абвешчаныя ў вышук.

Спэцыяльны дакладчык Нілс Муйжніекс падчас абмеркаваньня адзначыў, што паляпшэньня ў сфэры грамадзянскіх і палітычных правоў не назіраецца.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па прававых пытаньнях Леанід Марозаў зрабіў наступную заяву:

«Мы заклікаем дэмакратычныя краіны і структуры ААН падтрымліваць працу незалежных экспэртаў і выкарыстоўваць усе мэханізмы адказнасьці, каб спыніць гвалт і беспакаранасьць. Рэпрэсіі больш не абмяжоўваюцца тэрыторыяй Беларусі. Яны набылі транснацыянальны характар і пагражаюць бясьпецы беларусаў і беларусак у Эўропе і за яе межамі».

Таксама сёньня Леанід Марозаў правёў сустрэчу ва ўпраўленьні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дзе абмяркоўваў сытуацыю палітвязьняў і магчымыя спосабы іх вызваленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніякіх прыкмет паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі — спэцыяльны дакладчык ААН па правах чалавека


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь «працягвае жыць у змроку рэпрэсій». Выйшаў даклад ААН пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі