Для ўлады ў Беларусі 3 ліпеня — гэта дзень вызваленьня ад «калектыўнага Захаду», — філёзаф Баркоўскі

Ілюстрацыйнае фота

Філёзаф Павал Баркоўскі, які выконвае абавязкі прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэньня, аналізуе, чым адрозьніваецца ўладны праект незалежнасьці ад праекту грамадзянскай супольнасьці, і адказвае на пытаньне, што ж аб’ядноўвае беларусаў.

Сьцісла:

  • Улада ў Беларусі не жадае выказвацца за незалежнасьць ад Расейскай Фэдэрацыі.
  • Мадэль дзяржавы і эканомікі, якая будуецца апошнія 30 гадоў, — гэта проста несамадастатковая мадэль разьвіцьця.
  • Немагчыма ўзмацняць незалежнасьць і адначасова перадаваць частку вагароў кіраваньня і ўплыву суседняй краіне.
  • Беларускае супрацьстаяньне не настолькі вострае, каб казаць пра сьветапоглядную грамадзянскую вайну.


— 3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасьці (Дзень Рэспублікі). Як сёньня выглядае рэальная беларуская незалежнасьць? Як улада бачыць каштоўнасьці сувэрэнітэту, у якой форме яна іх прапаноўвае грамадзтву?

Павал Баркоўскі

— Для цяперашняй лукашэнкаўскай улады пытаньне незалежнасьці вельмі контравэрсійнае і вострае. Нацыі часьцей за ўсё дэкляруюць сваю незалежнасьць ад нейкага імпэрскага цэнтру. Таму ў беларускім варыянце лягічней за ўсё было б акрэсьліваць незалежнасьць як вызваленьне ад панаваньня Расейскай імпэрыі. І ў прынцыпе так гэта і выглядала ў 1990 і 1991 гадах, калі Беларусь прыняла Дэклярацыю аб сувэрэнітэце і далей надала ёй статус канстытуцыйнага закону. Аднак гэта пратрымалася нядоўга, бо да ўлады прыйшлі палітыкі, якім гэтая тэма — вызваленьня ад Расеі — была вельмі нязручная. Таму гэтая ўлада стала адзначаць 3 ліпеня як нібыта вызваленьне ад «калектыўнага Захаду», які ў іх чамусьці прэзэнтаваўся нацысцкай Нямеччынай. Прытым дата вельмі нацягнутая, бо вызваленьне Менску нельга лічыць вызваленьнем усёй Беларусі, а праводзіць паралелі паміж нацысцкай акупацыяй і сучаснай палітыкай Захаду — тым больш не вытрымлівае ніякай крытыкі. Але для цяперашняй улады гэта ўсё тлумачыцца нежаданьнем выказвацца за незалежнасьць ад Расейскай Фэдэрацыі.

— У афіцыйнага Менску ўсе гэтыя гады «незалежнасьць» і «інтэграцыя з Расеяй» ішлі поруч, і ў гэтых тэзісах яны не жадалі заўважаць ніякай супярэчнасьці. Ці працягваецца такая рыторыка і цяпер, калі відавочна, што «інтэграцыя» з Расеяй зайшла надта далёка?

— Гэтае спалучэньне неспалучальнага сапраўды выклікала толькі іранічнае стаўленьне. Немагчыма ўзмацняць незалежнасьць і адначасова перадаваць частку вагароў кіраваньня і ўплыву суседняй краіне. Асабліва краіне, якая перасягае тваю краіну маштабамі ўва ўсіх аспэктах. Заўважна было, як у 2014 годзе, пасьля анэксіі Крыму, Лукашэнка пабачыў, што гэты сусед можа ня толькі даваць нафту за пацалункі, але можа і тэрыторыі адбіраць. У такія моманты ўлады Беларусі раптам актыўна пачыналі ўзгадваць, што ў нас нацыянальная дзяржава, свае інтарэсы, што насамрэч мы «ня рускія». Атрымлівалася не заўсёды пераканаўча, але відавочна было, што ў такія моманты яны былі не гатовыя насіцца з тэзісам, што інтэграцыя з Расеяй прыносіць толькі радасьць і шчасьце беларускаму народу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзень Незалежнасьці» як падстава для зьмены цывілізацыйнага коду

— Грамадзянская супольнасьць і ўлада маюць вельмі розныя погляды на асноўныя прынцыпы незалежнасьці. І тут рэч ня толькі ў стаўленьні да Расеі або імкненьні да эўраінтэграцыі — але і ва ўнутранай палітыцы. Калі сьцісла — як і чым адрозьніваюцца гэтыя розныя праекты Беларусі?

— Тая мадэль дзяржавы і эканомікі, якая будуецца апошнія 30 гадоў, — гэта проста несамадастаковая мадэль разьвіцьця. Яна пабудаваная для краіны-лімітрофа, якая стварае свой дабрабыт пераважна на атрыманьні рэсурсаў ад суседняй дзяржавы, мацнейшай эканамічна і палітычна. Таму яна можа не арыентавацца на сусьветныя эканамічныя працэсы, а закрываць свае патрэбы коштам танных энэрганосьбітаў і іншых матэрыяльных прэфэрэнцыяў.

Таму, калі размова заходзіць пра зьмену ўнутранай палітыкі — гэта пытаньне пра тое, ці здольныя беларусы самастойна стаць на ногі, збудаваць у ХХІ стагодзьдзі канкурэнтную інавацыйную эканоміку. Ідэя ІТ-краіны акурат была спробай рухацца ў гэты бок, але мы бачым, чым гэта ўсё скончылася.

Ідзе палеміка ў грамадзянскай супольнасьці наконт таго, што мы павінны рабіць — ці разьвіваць найперш нацыянальную культуру, ідэнтычнасьць, ці ахвяраваць гэтым дзеля нейкіх наднацыянальных праектаў. Ці будаваць моцную аўтаномную эканоміку, ці інтэграваць яе ў сусьветныя і рэгіянальныя праекты. Гэта моцная палеміка, якая адрозьнівае цяперашніх аўтакратаў у Менску ад іхных апанэнтаў.

Тут перадусім выбар, ці Беларусь павінна быць самастойнай, ці застацца краінай-утрыманкай, якая цалкам залежыць ад суседзяў і міжнароднай каньюнктуры.

— У кожным разе, нягледзячы на розныя «вэрсіі» незалежнасьці, ці ёсьць нешта, што аб’ядноўвае беларусаў і не выклікае пярэчаньня ў большасьці зь іх? Шмат кажуць пра тое, што беларусы расколатыя ў многіх сьветапоглядных пазыцыях. Але тое самае нібыта можна сказаць пра любую нацыю. Ці ў беларусаў сытуацыя ўсё ж дастаткова ўнікальная?

— Наша сытуацыя не настолькі ўнікальная і супрацьстаяньне не нагэтулькі вострае, каб казаць пра сьветапоглядную грамадзянскую вайну. Добры і пазытыўны трэнд у тым, што за гэтыя 30 гадоў, няглядзячы на ўсю непасьлядоўнасьць палітыкі, колькасьць людзей, якія хацелі б вяртацца ў Савецкі Саюз, скарацілася з 60 працэнтаў на пачатку 1990-х да менш як 20 працэнтаў сёньня.

На простае пытаньне, ці хацелі б вы, каб Беларусь стала часткаю Расейскай Фэдэрацыі, станоўча адказвае ня больш за 5 працэнтаў. Большасьць беларусаў добра разумее каштоўнасьці незалежнасьці, яны хочуць быць суб’ектам міжнароднай палітыкі.

Беларусы дэманструюць выразную адрознасьць ад расейскага грамадзтва ў пытаньнях непадтрымкі вайны. У краіне існуе кансэнсус наконт таго, што беларусы ня мусяць быць уцягнутыя ў ваенныя дзеяньні. Гэтую пазыцыю збольшага падзяляюць усе — і «змагары», і «ябацькі». Яны аб’яднаныя ў перакананьні, што ніякай вайны быць не павінна.

То бок хапае момантаў, у якіх нават супрацьлеглыя пазыцыі сыходзяцца побач. І гэта дазваляе казаць, што каштоўнасьць незалежнасьці і сувэрэнітэту цэняць ўсе бакі. Незалежнасьць — гэта каштоўнасьць, якая беларусаў хутчэй яднае, а не разьядноўвае.

Нават пры той антынацыянальнай палітыцы, якую праводзіць цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, нават для яго пэрспэктыва страты незалежнасьці — гэта пагроза.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нацыянальная ідэя разгромленая, яе найлепшыя носьбіты або забітыя, або сядзяць у турмах, або ў падпольлі і эміграцыі», — Сяргей Дубавец