Лукашэнка: «Захад вырашыў спаліць свае даўгі ў пажары». Ціханоўская: «Гэта сьвята тых, хто падтрымлівае тыранію»

Аляксандар Лукашэнка і Сьвятлана Ціханоўская, каляж

3 ліпеня, калі ў Беларусі афіцыйна адзначаецца «Дзень незалежнасьці», Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў у сваім тэлеграм-канале, а Аляксандар Лукашэнка выступіў на цырымоніі ў мэмарыяльным комплексе «Курган Славы».

Лукашэнка: Сьвята — сымбаль свабоды і незалежнасьці. «Нам трэба, што б там ні было, захаваць і перадаць будучым пакаленьням веру ў пераможны дух продкаў, уласныя сілы і тое, што разам мы справімся з любымі выклікамі».

Ціханоўская: «3 ліпеня рэжым „сьвяткуе“ Дзень Незалежнасьці Беларусі. На справе ж, вядома, ні пра якую сапраўдную незалежнасьць ці свабоду гаворкі ня йдзе. Краіна як ніколі залежыць ад волі Расеі: рэсурсы, палітычныя рашэньні і нават войскі рэгулююцца Крамлём».

Лукашэнка: «Чалавек заўсёды можа і павінен супрацьстаяць злу, якім бы моцным і рафінаваным яно ні было». Беларусы адзначаюць сьвята, «бяз страху гледзячы ў роднае сіняе неба».

Ціханоўская: «Беларусь займае 190 месца ў сьвеце па ўзроўні грамадзянскіх свабодаў — паміж Лібіяй і Палестынай. Звычайныя людзі баяцца не злачынцаў і ашуканцаў, а прадстаўнікоў рэжыму. Кожны крок пільна кантралюецца: ніводнае мерапрыемства ці ініцыятыва не адбываецца без ухвалы „зьверху“ і маштабнай прысутнасьці сілавікоў».

Лукашэнка: Сьвет знаходзіцца на крутым пераломе, і ніхто ня ведае, з чым давядзецца сутыкнуцца заўтра. «Захад зноў вырашыў усе свае даўгі і праблемы спаліць у сусьветным пажары. І адначасова спаліць некалькі мільёнаў жыхароў нашай плянэты. Задача ўсіх людзей добрай волі і ў першую чаргу моладзі — аб’яднацца, спыніць варʼятаў».

Ціханоўская: «Пампэзныя канцэрты і мерапрыемствы мільённых коштаў. Вуліцы, задушаныя чырвона-зялёнымі колерамі. Ліслівасьць і сьпевы ў гонар дыктатара... Усё гэта ў той час, калі ў турмах павольна паміраюць больш за адзінаццаць соцень людзей, якія выбралі быць сумленнымі і сьвядомымі. Хлусьня на дзяржаўных тэлеканалах, блякаваньне нязручных крыніцаў інфармацыі, перасьлед недзяржаўных арганізацыяў, допыты кожнага, хто вяртаецца з-за мяжы — гэта рэаліі сучаснай Беларусі».

Лукашэнка: «Трэба ўмацоўваць народную еднасьць, эканоміку і абарону Айчыны».

Ціханоўская: «Гэта сьвята тых, хто падтрымлівае тыранію. Тых, хто лічыць, што такія ўмовы жыцьця — прымальныя».

Лукашэнка: Мы за мір, але «рыхтавацца мы павінны да найгоршага».

Ціханоўская: «Мы з вамі заслугоўваем сапраўднай свабоды і сапраўднай незалежнасьці. І дзень сувэрэнітэту нашай краіны мы адсьвяткуем разам, калі дзяржава зноў будзе належаць грамадзтву. Мы працягваем працу, каб ён надышоў як мага хутчэй».