Упершыню грамадзяніна Расеі пазбавілі дазволу на жыхарства ў Літве за частыя паездкі ў Расею

Дэпартамэнт міграцыі Літвы, аддзяленьне ў Коўне. Афіцыйнае фота

З прычыны частых паездак у Расею пазбаўлены часовага дазволу на жыхарства ў Літве першы грамадзянін Расеі. Паводле службоўцаў Дэпартамэнту міграцыі, яны вывучаюць яшчэ 30 выпадкаў, паведамляе партал Delfi.

У пачатку траўня ў Літве ў сілу ўступіла дадатковае палажэньне аб нацыянальных санкцыях, якое забараняе грамадзянам Расеі без аб’ектыўных прычын езьдзіць у Расею ці ў Беларусь часьцей, чым раз на тры месяцы.

Дэпартамэнт міграцыі выявіў агулам 34 чалавекі, якія гэта рабілі. Дазвол на жыхарства ў Літве аднаму зь іх ужо анулявалі.

«Падчас высьвятленьня прычын выезду грамадзян Расеі, якія часта выяжджаюць у Расею або Беларусь, выяўлены першы выпадак, які не падпадае пад выключэньні, і прынятае рашэньне ануляваць выдадзены расейцу часовы дазвол на жыхарства ў Літве», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Яшчэ трыццаць яго суайчыньнікаў могуць пазбавіцца такіх дазволаў неўзабаве», — пішуць чыноўнікі.

Ужо пачатыя працэдуры ануляваньня іхных часовых дазволаў на жыхарства ў Літве: высьвятляюць дадатковыя абставіны, чакаюць тлумачэньняў ад саміх грамадзянаў Расеі, гаворыцца ў паведамленьні Дэпартамэнту міграцыі Літвы.

Паводле ацэнак, у траўні з моманту ўступленьня забароны ў сілу 292 чалавекі з грамадзянствам Расеі перасеклі дзяржаўную мяжу з Расеяй або Беларусьсю больш за адзін раз, аднак многія зь іх падпадаюць пад выняткі з закону аб абмежавальных мерах, дзеяньне якога працягнулі сёлета ўвесну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы прыняў папраўкі аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і РФ