Дырэктара Аршанскага інструмэнтальнага заводу падазраюць у фальсыфікацыі дакумэнтаў

Аршанскі інструмэнтальны завод

У Воршы разгараецца карупцыйны скандал вакол Аршанскага інструмэнтальнага заводу.

У цэнтры гісторыі — цяпер ужо былы дырэктар Леанід Мойжык. На гэтай пасадзе ён працаваў менш за два гады, адзначае Orsha.eu.

Мойжыка абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, за што ён можа апынуцца за кратамі на 10 гадоў. Сьледзтва высьветліла, што ён асабіста кіраваў фіктыўнай угодай.

Як мяркуе сьледзтва, Мойжык ведаў, што прыватнае прадпрыемства «Вітбудтэхмаш» адмовілася ад пастаўкі 30 адзінак тэхнікі — шасі «Беларус-92П» — коштам больш за 2,4 млн руб. Але ўсё роўна даў указаньне рыхтаваць дакумэнты на падпісаньне.

Галоўная бухгальтарка заводу Пучкова, атрымаўшы ўказаньне ад Мойжыка, не забясьпечыла кантроль дзеяньняў падначаленых. Таму бухгальтар Мартыненкава аформіла фіктыўны кантракт на пастаўку гэтай тэхнікі і правяла яго праз бухгальтэрыю, ствараючы бачнасьць законнай угоды.

Паперы на заводзе аформілі, а рэальнай пастаўкі тэхнікі не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўгас неплатаздольны, замежнае таварыства — банкрут. Што з арганізацыямі, на якіх патрабаваў парадку Лукашэнка

Сьледзтва лічыць, што Пучкова фактычна сфальсыфікавала ўліковыя дакумэнты і дзейнічала ў інтарэсах Мойжыка.

Пры гэтым сам былы дырэктар узначальваў камісію барацьбы з карупцыяй на заводзе. Паводле закону і кантракту ён павінен быў арганізаваць прафіляктычную працу, сачыць за выкананьнем антыкарупцыйнага заканадаўства.

Гэтая гісторыя ўсплыла вонкі дзякуючы беларускім «Кібэрпартызанам». Яны падзякавалі за дакумэнты неназваным супрацоўнікам Аршанскага райвыканкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ паведамілі пра затрыманьне кіраўніка камітэту аховы здароўя Менску