«Мы зьвяртаемся да вас з просьбай надалей адстойваць алімпійскія каштоўнасьці і спрыяць нядопуску спартоўцаў, якія выступаюць за дзяржаву-агрэсарку. З пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі ўкраінская спартовая грамада страціла больш як 500 спартоўцаў і трэнэраў. Ва Ўкраіне зруйнаваныя ці пашкоджаныя больш як 750 аб’ектаў спартовай інфраструктуры, у тым ліку 19 алімпійскіх, паралімпійскіх, дэфлімпійскіх трэнавальных базаў», — агучыў тэкст звароту чэмпіён сьвету, байдарачнік Ігар Труноў.
Трэцяга ліпеня ўкраінскія спартоўцы правялі сустрэчу з журналістамі ў Кіеве на стадыёне «Спартак», які моцна пацярпеў у выніку расейскіх абстрэлаў.
Прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны Вадзім Гутцайт падтрымаў ініцыятыву ўкраінскіх спартоўцаў.
«Пакуль ідзе вайна, расейскім і беларускім спартоўцам ня месца на міжнароднай арэне. Мы працягваем змагацца, каб іх не дапускалі на спаборніцтвы. Але, на жаль, у некаторых відах спорту яны вяртаюцца пад нэўтральным сьцягам, а беларускія атлеты нават зьявіліся пад сваім сьцягам», — адзначыў Вадзім Гутцайт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трынаццаць беларускіх спартоўцаў дапусьцілі да адбору на зімовыя Алімпійскія гульні 2026 годуСёлета ў траўні Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі паведаміў, што трынаццаць беларускіх атлетаў атрымалі дазвол рыхтавацца да зімовай Алімпіяды, якая пройдзе ў Італіі.
У НАК назвалі імёны спартоўцаў, якія стартуюць у адборы.
Шорт-трэк: Мікіта Мігдалёў і Яна Дамброўская.
Фігурнае коўзаньне: Вікторыя Пласконная і Ўладзіслаў Сыцік (танцы на лёдзе); Вікторыя Сафонава, Анастасія Сідарэнка, Васіль Барахоўскі і Яўген Пузанаў (адзіночнае коўзаньне).
Канькабежны спорт: Ягор Дамарацкі, Яўген Болгаў, Віктар Рудэнка, Марына Зуева і Кацярына Гагіева.
Алімпійскія гульні ў Італіі (Картына д’Ампэца) пройдуць з 6 па 22 лютага 2026 году.
Раней Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў міжнародным фэдэрацыям спорту самастойна прымаць рашэньне пра допуск ці нядопуск беларускіх і расейскіх атлетаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Шэраг міжнародных арганізацыяў тады дазволіў атлетам з гэтых краін удзел, але на ўмовах нэўтралітэту — гэта значыць без выкарыстаньня дзяржаўнай сымболікі і ўсякага пазначэньня краіны паходжаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна зьнялася зь першынства сьвету ў дзюдо пасьля дазволу беларусам выступаць пад чырвона-зялёным сьцягам