Полацкі япіскап РПЦ ініцыяваў і дабраславіў канцэрт праваеннага расейскага руху ў Полацку. ФОТА

Над сцэнай надпіс «Ад Полацка пачаўся сьвет». Фота з сайту Фонду культурных ініцыятываў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна

У Полацку ў рамках сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці Беларусі адбыўся канцэрт «Песьні перамогі. Галасы пакаленьняў», які правёў расейскі праваенны патрыятычны рух «Газманов-Родники».

Як паведаміла выданьне «Полацкі веснік», правядзеньне канцэрту ініцыяваў і дабраславіў япіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, а ў праграме гучалі «песьні перамогі, творы пра родную зямлю, вайну і цяжкую дарогу да міру, мужнасьць рускага салдата і веру ў перамогу, сілу духу, любоў».

Ідэоляг і мастацкі кіраўнік руху — расейскі сьпявак Алег Газманаў. Канцэрт вёў ягоны сын Радзівон.

Канцэрт «Песьні перамогі. Галасы пакаленьняў» у Полацку дабраславіў япіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій (справа). Ён уручае падарунак Радзівону Газманаву (зьлева). Фота з газэты "Полацкі веснік"

Над сцэнай быў разьмешчаны надпіс «Ад Полацка пачаўся сьвет». Канцэрт завяршыўся песьняй «Русский мир» у выкананьні Алега Газманава, які падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны.

Праект «Песьні перамогі. Галасы пакаленьняў» фінансуе Фонд культурных ініцыятываў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Канцэрт «Песьні перамогі. Галасы пакаленьняў», які ў Полацку правёў расейскі праваенны патрыятычны рух «Газманов-Родники». Фота з сайту Фонду культурных ініцыятываў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна

«Асабліва цёпла палачане сустрэлі песьню лідэра „Родников“, народнага артыста Расеі Алега Газманава „Русский мир“», — адзначаецца на афіцыйным сайце расейскага фонду.

На сайце руху «Родники» паведамляецца, што ён зьяўляецца адкрытай творчай пляцоўкай для музыкантаў, паэтаў, кампазытараў і выканаўцаў. Рух мае сваё радыё і праводзіць розныя музычныя конкурсы.

Алег Газманаў вызначыў такі дэвіз свайго руху: «Калі будуць зьвінець крыніцы, будзе біцца і сэрца Расеі».

Адзначаецца, што канцэрт у Полацку стаў «першым замежным» турам руху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За веру, цара і трыадзіную Русь!» Слонімская брыгада выкарыстоўвае імпэрскія сьцягі, у тым ліку для навучаньня дзяцей