Выдавец Андрэй Янушкевіч для летняга адпачынку і перазагрузкі прапануе найперш чытаць дэтэктывы, трылеры, фэнтэзі, усясьветныя бэстсэлеры.
«Тройка» кніг ад Янушкевіча — гэта новыя дэтэктывы Камілы Цень з інтрыгоўным назовам «Наступны прыпынак — сьмерць», вострасатырычны «вытворчы» раман Рэбэкі Кван «Елаўфэйс» і пятая частка сагі Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта, якая нядаўна выйшла па-беларуску.
Каміла Цень. «Наступны прыпынак — сьмерць»
«Народны РБ-дэтэктыў» — так можна назваць вынайдзены аўтаркай жанр. Летась Каміла Цень прэзэнтавала чытачу кнігу «Я прыду за табой у аўгусце» пра прыгоды і расьсьледаваньні харызматычнай кантралёркі грамадзкага транспарту Зінаіды Юр’еўны.
У дзьвюх новых дэтэктыўных аповесьцях «Наступны прыпынак — сьмерць» і «Красная куртка» Зінаіда Юр’еўна зноў разблытвае самыя дзіўныя справы ў гарадскіх нетрах. Тут яшчэ больш вандровак па калярытных мясьцінах Менску: гэтым разам галоўныя падзеі разгортваюцца ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка і ў інтэрнатах каля мэтро «Магілёўская». Яшчэ больш загадак, якім можа даць рады толькі непаўторны дуэт Юр’еўны і Гаркавага.
Рэбэка Кван «Елаўфэйс»
«Елаўфэйс» — міжнародны бэстсэлер 2023 году, вострасатырычны, напружаны і бязьлітасны раман аб прысваеньні чужой ідэнтычнасьці, расавым пытаньні ў сучаснай літаратуры і цёмных баках кніжнага бізнэсу.
Афіна Лю — літаратурная зорка, а Джун Хэйвард — літаральна ніхто. Калі Афіна гіне ў выніку няшчаснага выпадку, Джун крадзе яе неапублікаваны рукапіс і публікуе як свой уласны пад двухсэнсоўным імем Джуніпэр Сонг. Але калі доказы пачынаюць пагражаць яе скрадзенаму посьпеху, Джун разумее, як далёка гатовая зайсьці, каб утрымаць тое, што лічыць заслужаным.
Пераклад з ангельскай Насты Карнацкай.
Анджэй Сапкоўскі «Вядзьмар»
Упершыню па-беларуску ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла пятая частка сагі Анджэя Сапкоўскага «Вядзьмар» — аднаго з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яго героі даўно сталі культавымі пэрсанажамі.
Навошта паэт, які на вайне ня толькі не карысны, але часам нават і шкодны, усё ж ідзе туды, куды нават не хацеў? Чаму лучніца рызыкуе жыцьцём, каб дапамагчы зусім чужому ёй ведзьмару? Навошта вампір, які мог весьці спакойнае вечнае жыцьцё, выпраўляецца ў небясьпечнае нават для яго падарожжа? Чаму нільфгаардзец стае на бок таго, каго некалі лічыў лютым ворагам, — і хто дагэтуль люты вораг яму? І чаму, урэшце, адзін вядзьмар, які прагнуў прынесьці ў ахвяру наканаваньню толькі сябе, прыняў ахвяры, на якія ня меў права?
Пераклад з польскай мовы ляўрэаткі прэміі Карласа Шэрмана Кацярыны Маціеўскай.
Gutenberg
Кіраўніца выдавецтва Gutenberg Валянціна Андрэева рэкамэндуе прачытаць прыгожую, вельмі летнюю гісторыю «Вецер з Усходу, Вецер з Захаду» Пэрл Бак, трылер «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха, які захапляе і не адпускае да апошняй старонкі. А дзецям — кнігу Валянціна Вяркеева «Вера — дачка флібуст’ера».
Пэрл Бак «Вецер з Усходу, вецер з Захаду»
Галоўная гераіня раману Пэрл Бак «Вецер з Усходу, вецер з Захаду» Квэй-лан — не змагарка і не рэвалюцыянэрка.
«Яна — жанчына, якая вучыцца разважаць і разумець самую сябе. Раман Пэрл Бак нагадвае чытачу, што важна не змагацца зь мінулым, а вучыцца браць зь яго найлепшае і рухацца далей», — разважае Валянціна Андрэева.
Квэй-лан нарадзілася ў Кітаі, дзе традыцыі моцныя, як каменныя муры. Яна вучылася слухацца, захоўваць сямейны гонар, быць годнай дачкой і жонкай. Але муж, які атрымаў заходнюю адукацыю, паказаў ёй, што можна жыць інакш — не руйнуючы мінулага, а спалучаючы найлепшае з традыцыяў і прынцыпаў здаровага глузду.
Пераклад з ангельскай Кацярыны Несьцяровіч.
Аляксандар Карнаўх «Халодныя землі»
«Гэтая кніга захапляе і не адпускае да апошняй старонкі, сапраўды добры трылер у найлепшых традыцыях», — кажа кіраўнічка выдавецтва Gutenberg.
Выкладчык унівэрсытэту Антось страчвае вернага сябра, бігля Аргуса. У той жа час жонка вырашае, што іхны шлюб сябе вычарпаў. Шукаючы нейкага хобі, каб заняць галаву, Антон пагаджаецца дапамагчы знаёмай і разабраць тэкст загадкавых сшыткаў, знойдзеных на гарышчы ў вёсцы непадалёк ад Прорвы — балота, ля якога жыў дзед галоўнага героя. Сшыткі напісаныя зютэрлінам, цяпер ужо забытым нямецкім шрыфтам. Паддаюцца расшыфраваньню толькі асобныя словы, але чым болей герой разумее, тым з большай трывогай глядзіцца ў люстэрка.
«Вера — дачка флібуст’ера» Валянціна Вяркеева
«Гэта сапраўды летняя кніга. Тут і пра мора, і пра прыгоды, невялікія разьдзелы з сваімі мікрасюжэтамі. Але, разам з тым, гэта тоўстая кніжка з мноствам падзеяў, пра адных і тых жа герояў, якіх лёгка палюбіць», — тлумачыць Валянціна Андрэева.
Што, калі звычайную дзяўчынку зрабіць дачкой капітана піратаў, а пасьля кінуць у шторм ля берагоў нейкай паўднёвай краіны, высадзіць на бязьлюднай высьпе і выправіць на пошукі таты? І ў памочнікі ёй прызначыць двух іншаплянэтнікаў, адзін зь якіх кот, а другі — кіт (хоць і не зусім)?
У гэтай кнізе безьліч галавакружных прыгодаў, паміж якімі аўтар схаваў «сакрэцікіˮ: напрыклад, спосаб пабудовы паравой машыны. Калі гатовы да падарожжа, таямніц і нечаканых сяброў — далучайся!
«Пфляўмбаўм» і «Alena Kazlova»
«Тройка» кніг ад Алены Казловай: «Перамена месцаў» Югасі Каляды, «Як я была малалеткай» Віргініі Кульвінскайце (выдавецтва «Пфляўмбаўм») і «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» Анкі Ўпалы (выдавецтва «Alena Kazlova»).
«Перамена месцаў» Югасі Каляды
«Гэта тое, што называюць page turner, ад кнігі немагчыма адарвацца, пакуль не дачытаеце.
Гэта гісторыя пра дзьвюх беларусак, якія мяняюцца месцамі ў цягніку і ў выніку мяняюцца целамі. І вымушаныя пажыць жыцьцямі адна адной. Адна зь іх судзьдзя — актуальненька! Дзеяньне адбываецца ў Гомлі, там шмат пазнавальных лякацыяў, гомельцы асабліва ацэняць. Да таго ж мова кнігі выдатная — можна бяз высілкаў падцягнуць свой узровень валоданьня беларускай, проста чытаючы захапляльную кніжку», — кажа кіраўніца выдавецтва Алена Казлова.
«Як я была малалеткай» Віргініі Кульвінскайце
Раман пра сталеньне дзяўчыны ў Вільні ў 1990-я і пазьней, гэта сучасная «Літліт», літоўская літаратура па-беларуску, тлумачыць Алена Казлова.
«Ты быццам глядзіш кіно і бачыш гэтую літоўскую тынэйджарку, якая вырасла ў „рускім“ раёне. Вось яна атрымала свой першы сэксуальны досьвед і расчараваная тым, што ня так крута ўсё гэта выглядае ў рэальнасьці і што нейкай няўмекай сябе паказала. Ці сустракае старога сябра і яго дзяўчыну — і неяк так закруцілася, што цяпер яны ўсе разам у адносінах. Ніхто не папярэджваў, што так бывае!» — разважае Алена Казлова.
Да ўсяго, кніга Віргініі Кульвінскайце — фактычна гайд па Вільні.
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» Анкі Ўпалы
Аповесьць «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» добра чытаць менавіта летам, будзе 3D-эфект, тлумачыць аўтарка кнігі.
«Учора ў Бэрліне было 38 градусаў сьпёкі, і ў кнізе таксама так, толькі там Стакгольм. Гераіня, беларуска 37 гадоў, пасяляецца на паўтара месяца ў старой частцы гораду ў гасьцях у нашмат старэйшай швэдзкай сяброўкі, блындае па горадзе, па напечанай брукаванцы, купаецца ў моры і затоцы, катаецца на пароме, езьдзіць на швэдзкае лецішча і спрабуе разабрацца, чаму даюць крэн адносіны з былой аднагрупніцай з Судану, якую штосьці палохае.
У паралельным аповедзе тая ж беларуска ляжыць у шпіталі ў Менску і „расказвае тысячу і адну казку шпітальнай палаты“, таксама ходзіць на пляж Цнянскага вадасховішча ў Зялёным Лузе і шпацыруе там па вядомым востраве. Таксама яна наведвае Курапаты, дзе яе спрабуюць „знаёміць з хлопцамі“», — інтрыгуе пісьменьніца.
«Полацкія лябірынты»
Тацяна Нядбай з выдавецтва «Полацкія лябірынты» рэкамэндуе дзьве кнігі — клясычную «Іліяду» Гамэра ў перакладзе на беларускую вядомага паліглёта Лявона Баршчэўскага і «Апярэдзіць Госпада Бога» польскай пісьменьніцы Ганны Краль.
Ганна Краль «Апярэдзіць Госпада Бога»
Гэта кніга апавядае пра надзвычайнае жыцьцё Марка Эдэльмана — уражэнца Гомля, кардыяхірурга і апошняга кіраўніка паўстаньня ў Варшаўскім гета. Ён выжыў, калі іншыя загінулі, і стаў чалавекам, што ратуе сэрцы — літаральна і мэтафарычна — у польскай Лодзі.
«Кніга створаная ў жанры літаратуры факту, у стылі, знаёмым беларускаму чытачу з твораў Сьвятланы Алексіевіч, гэта сьведчаньне ня толькі пра жахі і гераізм Другой сусьветнай вайны і Галакост, але і пра выбар на карысьць годнасьці і свабоды.
Асаблівы акцэнт на Варшаве. Калі вы праводзіце там летнія дні, кніга можа стаць вашым гідам па сьцежках гераічнага паўстаньня ў гета, якое месьцілася ў самым яе сэрцы. Сёньня гэтая тэрыторыя прымыкае да Старога места, а вуліцы былога гета носяць імёны герояў кнігі», — апавядае Тацяна Нядбай.
Дарэчы, кніга цудам ацалела — яе наклад амаль згарэў у вялікім пажары ў адной з польскіх друкарняў.
Гамэр. «Іліяда»
«Іліяда» — клясыка сусьветнай літаратуры, эпас пра гераізм і паразы, пра помсту і дараваньне, пра вайну, якую вядуць ня толькі мячом, але таксама словам і маўчаньнем.
«Калі аксамітны летні вечар ахінае зямлю, можа быць, асабліва прыемна чытаць мэдытацыйны гекзамэтар і адчуваць повязь з старажытнай Грэцыяй. І ня мае значэньня, робіце вы гэта ў Грэцыі, Варшаве, Вільні ці Полацку. Пагатоў гэтая кніга таксама пра падарожжы і вяртаньні — нават калі яны зацягваюцца на гады: так знаёмая нам доўгая дарога дадому. І часам, каб стаць сабой, трэба страціць усё.
Перакладнік кнігі кажа: „Кожнае пакаленьне беларусаў мусіць мець свой пераклад „Іліяды“». Але так сталася, што для беларусаў гэта першы поўны пераклад культавага твору. І ён, безь перабольшаньня, гістарычны», — кажа Тацяна Нядбай.
«Дом» Андрэя Горвата
Замыкае тузін кніг для летняга чытаньня «Дом» Андрэя Горвата.
Пры канцы 2020 году аўтар бэстсэлеру «Радзіва Прудок» Андрэй Горват зьдзейсьніў даўнюю мару і стаў суўладальнікам палацу ў Нароўлі, які належаў вядомаму роду Горватаў (не ягоным сваякам).
«Кніга пісалася ў розныя гады, пачынаючы з 2021-га. Некалькі разоў я перарываў працу над ёй, думаючы, што яшчэ не гатовы расказаць гэтую гісторыю — сваю і дому. Ці проста не хацеў ставіць кропку. А потым паставіў.
„Дом“ — гэта ня толькі тэкст, але і прыгожая рэч. Я стараўся зрабіць такую кнігу, якую хацелася б захоўваць», — так сам Горват прэзэнтуе сваю новую кнігу, якую ня толькі напісаў, але і зьвярстаў.
Кніга Горвата «Дом» выйшла ўжо двума накладамі ў Вільні. Купіць яе можна і ў Менску: у «Акадэмкнізе» і ў гандлёвым цэнтры «Купалаўскі».