У ноч на 5 ліпеня на 50-м годзе жыцьця ад наступстваў анкалягічнага захворваньня памёр Андрэй Бардухаеў-Арол, паведамляе «Флагшток». Гэта адбылося ў Польшчы, дзе гамяльчанін жыў апошнія гады. У Андрэя засталіся жонка і чацьвёра дзяцей. Аб тым, што ў яго цяжкая хвароба, стала вядома ў сьнежні 2024.
Андрэй Бардухаеў-Арол нарадзіўся ў Гомлі. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у Менску. Працаваў акторам і рэжысэрам у Менскім абласным драматычным тэатры, у Гомельскім маладзёжным тэатры і ў Гомельскім абласным драматычным тэатры.
У 2016 годзе Андрэй пайшоў з Маладзёжнага тэатру пасьля канфлікту з начальнікам аддзелу ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкаму Віталём Атаманчуком — на знак падтрымкі дырэктара тэатру Зоі Гарынай. Разам з жонкай Алесяй і некалькімі акторамі ён пакінуў тэатар і заснаваў незалежную тэатральную студыю «Team Theatre».
Зь сям'ёй
У тым жа годзе адзін з першых праектаў новай студыі — «Атмасфэрныя спэктаклі для невідушчых» — атрымаў прэстыжную ўзнагароду на конкурсе сацыяльных ініцыятываў Social Weekend. Гэта былі пастаноўкі ў поўнай цемры, у якіх акцэнт рабіўся на гук, голас, рух і ўяўленьне. Спэктаклі ствараліся ў тым ліку для людзей з парушэньнямі зроку, але былі адкрытыя для ўсіх.
У 2019 годзе Андрэй заснаваў дабрачынны фонд «Разам тут», дзе людзі з асаблівымі патрэбамі ўдзельнічалі ў спэктаклях, дапамагалі ў валянтэрскіх праектах і дастаўлялі падарункі ў дзіцячыя ўстановы. Team Theatre ладзіў унікальныя інклюзіўныя балі, у якіх бралі ўдзел да 150 чалавек. Гэта людзі з асаблівасьцямі зроку, слыху, інваліды-вазочнікі.
Таксама ён працаваў у народным тэатры «Інклюзіён» і ў Цэнтры інклюзыўнай культуры ў Гомлі. Разам з жонкай праводзіў заняткі для дзяцей з аўтызмам і іншымі асаблівасьцямі разьвіцьця.
Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арлы
У 2020 годзе Андрэй і ягоная сям’я падтрымалі пратэсты ў Беларусі. Пасьля гэтага гомельскія ўлады звольнілі мужа і жонку зь Беліцкага дому культуры і пазбавілі пляцоўкі. У 2021 годзе, праз пагрозу крымінальнага перасьледу, ім давялося пакінуць краіну. Пасьля пераезду ў Варшаву яны працягнулі тэатральную дзейнасьць і аднавілі праект «Атмасфэрныя спэктаклі для невідушчых» ужо ў польскіх умовах.
Ад таго часу Андрэй жыў і працаваў у Варшаве, кіраваў тэатрам «Team Theatre» і займаўся мэдыя-праектамі, уключаючы TikTok-каналы пра Беларусь, гісторыю і права, супрацоўнічаў з Флагштокам.
Апошняй роляй Андрэя быў Пісьменьнік у спэктаклі «Ордэн Белай Мышы» паводле твору Ўладзімера Арлова. Актор выконваў яе ўжо зь цяжкай стадыяй анкалёгіі, расказаў ягоны калега Ігар Сігоў, які выходзіў на сцэну ў ролі Караля.
БАЖ публікуе просьбу пра дапамогу сямʼі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас ёсьць Зюзя, і яго трэба сярод дзяцей папулярызаваць». Team Theatre паказаў у Варшаве квэст-казку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ідэалёгія замяніла культуру». Стваральнікі ўнікальнага гомельскага тэатру пасьля перасьледу зьехалі ў Варшаву