Беларуска з ЗША не па сваёй волі аказалася гераіняй расейскай антызаходняй прапаганды: «Не давярайце расейскім СМІ наогул!»

Беларуска Ганна выявіла, што стала гераіняй расейскай антызаходняй прапаганды

Ганна зь Менску ўжо паўтара году жыве ў ЗША. Аднойчы яна запісала відэа, зьнятае з акна кватэры ў Нью-Ёрку – аб тым, як проста на вуліцы каля яе дома разьмясьціліся больш за дзясятак мужчын, якіх можна было прыняць за мігрантаў або бяздомных.

Відэа шырока разышлося па расейскіх прапагандысцкіх рэсурсах з камэнтарамі «Амэрыканская мара – горы сьмецьця і наркаманы!». Многія давалі яго ў падборцы зь іншымі ксэнафобнымі відэа, якія распавядаюць аб «засільлі мігрантаў» і небясьпечнай крымінагеннай абстаноўцы празь іх у Рыме, Парыжы, Лёндане і іншых заходніх гарадах у процівагу «бясьпечнаму» жыцьцю ў Расеі.

Відэа Ганны на сайце «Известий»

Пры гэтым некаторыя расейскія прапагандысцкія СМІ прадставілі Ганну як «Кацю, мадэль зь Екацярынбургу, якая жыве ў ЗША, ненавідзячы гэтую краіну і марыць вярнуцца назад у Расею». Для Ганны гэтае азначэньне стала вялікай неспадзеўкай: яна пакінула Беларусь з палітычных прычынаў, а ў Расеі ўвогуле ніколі не была.

Тэлеканал «Настоящее Время» зьвязаўся з Ганнай і распытаўся, як яна ставіцца да «славы», якая нечакана звалілася на яе. Ганна таксама сама зьвярнулася да расейскіх прапагандыстаў і гледачоў расейскага тэлебачаньня, заявіўшы: «У тэлевізары адна прапаганда — гэта факт!» Яе выкрывальны ролік набраў ужо больш за два мільёны праглядаў.

— Як вы наогул даведаліся аб тым, што на іншым канцы плянэты вы — «мадэль Каця зь Екацярынбургу», а ваша відэа выкарыстоўвалі расейскія прапагандысты?

— Я выклала відэа з выглядам з майго акна ў Нью-Ёрку, на Мангэтэне. І яно нечакана неяк пачало хутка набіраць абароты. І літаральна, мусіць, празь дзень мае знаёмыя пачалі мне дасылаць спасылкі. Спачатку гэта быў нейкі артыкул на «Дзэне», па-мойму, пад відэа было проста напісана «Горы сьмецьця ў Нью-Ёрку». Потым ужо мае іншыя знаёмыя таксама пачалі скідваць спасылкі.

А потым я ўбачыла, што ёсьць цэлы велізарны артыкул пра мяне, дзе напісана, што я «Каця зь Екацярынбургу», што мне дрэнна ў Амэрыцы, што я тут не магу нікуды прыстроіцца-ўладкавацца. Увогуле, ад майго імя напісалі ўсякае трызьненьне: інфармацыю неяк пад сябе перакруцілі, каб ім было зручна.

— А хто вы на самой справе, дзе вы жывяце, адкуль вы родам?

— Я Аня, жыву цяпер у Амэрыцы, у Сан-Францыска. Я прыехала ў ЗША паўтара году таму з Беларусі. У Беларусі я жыла ў Менску, прыехала сюды праз Мэксыку як бы «з канцамі», спадзяюся і спрабую зладзіць тут сваё новае жыцьцё.

— Зь Беларусі вы зьехалі з палітычных прычынаў?

— Наогул так, з палітычных.

Your browser doesn’t support HTML5

На российском телевидении открыто обсуждают правила пропаганды: "Не стоит стесняться этого слова!"

— Раскажыце, калі ласка, пра вашыя першыя ўражаньні, калі вам пачалі сябры дасылаць усе гэтыя матэрыялы, заснаваныя на вашым відэа.

— Наогул, калі я гэта відэа выклала, і яно нечакана для мяне пачало набіраць абароты, то адразу паліўся хэйт. Вядома, калі ты жывеш у Амэрыцы, ты хэйт ловіш адразу ад усіх – і ад тых, хто любіць Амэрыку, і ня любіць, і адтуль, і адгэтуль. Ад усіх! Я не адразу прывыкла да гэтага хэйту, і спачатку ўсім спрабавала адказваць. Але потым я проста перастала адказваць на камэнтары.

І вось калі мне дасылалі гэтыя артыкулы, мне стала непрыемна, таму што ў цэлым я люблю Амэрыку. І відэа – гэта быў як бы больш такі прыкол, і людзі, якіх я зьняла з акна – гэта былі не бамжы, гэта былі гандляры, яны на выходных прадаюць там торбы.

І мне было непрыемна, што за кошт мяне вось так усё перакруцілі ў свой бок, вывернулі Амэрыку як дрэнную і гэтак далей. А потым, калі мне ўжо скінулі пра «мадэль Кацю», у мяне былі такія сьмешныя адчуваньні. З аднаго боку, я была вельмі абураная. Зь іншага боку, мне было сьмешна ад гэтага ўсяго, і мне хацелася пакінуць камэнтары, напісаць свой адказ, неяк адказаць ім. І адзінае, што я змагла зрабіць, – гэта проста ў свой інстаграм пакласьці гэтую гісторыю. Хаця нехта там прапаноўваў і ў суд падаць, але я ня думаю, што гэта ўвогуле магчыма.

Your browser doesn’t support HTML5

Российская пропаганда купилась на сатирическую новость о "русских корнях" китайской нейросети DeepSeek

— Сытуацыя зь відэа ніяк не адбілася на маёй рэпутацыі ці на нечым яшчэ. Але магла неяк і адбіцца. Гэтыя людзі мне не напісалі, нічога ў мяне не спыталіся. Яны проста самі ўзялі і вось так перакруцілі (мой ролік). Гэта, вядома, вельмі непрыгожа, і гэта шмат аб чым кажа, на самай справе.

І я ў сваім відэаадказе сказала тады, што я раю не давяраць расейскім СМІ ўвогуле! Лепш не глядзець тэлевізар. У тэлевізары адна прапаганда, гэта факт.