У сьвеце пачаў распаўсюджвацца новы варыянт COVID-19. Хвароба мае адзін спэцыфічны сымптом

Ілюстрацыйнае фота

Паводле экспэртаў, новы штам не выклікае больш сур’ёзных сымптомаў, чым папярэднія мутацыі, але мае здольнасьць часткова абыходзіць імунную рэакцыю. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) ужо надае пільную ўвагу гэтаму варыянту.

Новы штам каранавірусу, афіцыйна пазначаны як XFG, вядомы як Stratus, пачаў вельмі хутка дамінаваць у сьвеце. Спачатку ён распаўсюдзіўся ў Індыі, а цяпер у Вялікабрытаніі. Згодна з глябальнай базай дадзеных GISAID, на працягу траўня ён ужо зьявіўся ў 38 краінах сьвету. На Stratus прыпадала 22,7% усіх пазытыўных тэстаў на Covid у апошні тыдзень траўня. А месяцам раней гэты паказчык складаў толькі 7,4%, піша амэрыканскі тэхналягічны часопіс Wired.

Паводле лекараў, у штама Stratus ёсьць некалькі тыповых сымптомаў, найбольш выразнымі зь якіх зьяўляюцца хрыпатасьць і раздражненьне ў горле. Акрамя таго, у заражаных часта назіраецца сухі кашаль, боль у горле, ліхаманка, стомленасьць і боль у цягліцах.

Аднак новы варыянт не выклікае цяжкага захворваньня. «Нягледзячы на мутацыі, важна адзначыць, што Stratus не выглядае больш небясьпечным, чым папярэднія варыянты Omicron, з пункту гледжаньня цяжкасьці захворваньня, шпіталізацыі або сьмяротнасьці», — падкрэсьліваюць адмыслоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якасьць мэдычнай дапамогі ў Беларусі пагаршаецца з-за рэпрэсій уладаў — даклад НДА для ААН