«Гэта не кібэратака». Стала вядома, што выклікала блэкаўт у Чэхіі

Ілюстрацыйнае фота

У пятніцу, 4 ліпеня, каля поўдня, Чэхію ахапіла маштабнае адключэньне электрычнасьці, якое закранула многія рэгіёны, у тым ліку сталіцу.

Прычынай стала тэхнічная аварыя: абарваўся фазавы провад на адной з асноўных ліній перадачы электрычнасьці, паведаміў у X міністар прамысловасьці і гандлю краіны Лукаш Влчэк.

Гэтая аварыя запусьціла ланцужок падзей:

  • адключылася буйная вугальная электрастанцыя,
  • ад перагрузкі адключыліся іншыя лініі электраперадачы,
  • адбыўся збой на 9 ключавых разьмеркавальных падстанцыях.

У выніку без электрычнасьці засталіся вялікія тэрыторыі. Сытуацыю ўдалося стабілізаваць энэргетыкам празь некалькі гадзін.

Міністар падкрэсьліў, што гэты інцыдэнт не зьвязаны з курсам краіны на зялёную энэргетыку або кібэратакай.

Збой выкліканы хутчэй старэньнем сетак і недахопам інвэстыцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі — энэргетычны каляпс: не працуе грамадзкі транспарт, аэрапорт і чыгунка