«Пік Свабоды». «З-за мяжы няма рычагоў уплыву на здольнасьць Лукашэнкі кантраляваць краіну». Шрайбман пра абяцаньні Ціханоўскага

Арцём Шрайбман, каляж

Навошта незалежнасьць Беларусі пераемнікам Лукашэнкі? Чаму Лукашэнка нібыта апраўдваецца за вызваленьне палітвязьняў? Якія перадумовы посьпеху плянаў Ціханоўскага?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Пік Свабоды» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— Напярэдадні афіцыйнага дня незалежнасьці Аляксандар Лукашэнка памілаваў яшчэ 16 вязьняў. Папярэдняя партыя палітвязьняў выйшла на волю напрыканцы чэрвеня, адразу пасьля візыту ў Менск высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі ЗША Кіт Келага. Выглядала, што тым вызваленьнем расплаціліся з Дональдам Трампам за прыезд Келага. А апошняе вызваленьне, на гэтым тыдні — гэта пра што? Санкцыі ж пакуль не здымаюць.

— Я ня думаю, што мы павінны прывязваць кожны акт памілаваньня з боку Лукашэнкі да канкрэтнага кроку нейкага заходняга партнэра. Тое, што памілаваньне адбудзецца напярэдадні афіцыйнага сьвята 3 ліпеня, было прадказальна. Было летась памілаваньне да «дня народнага адзінства» 17 верасьня, было сёлета — да 9 траўня. Цікавейшае тое, што была паўза некалькі месяцаў, а потым усё ж вырашылі памілаваньні аднавіць для падтрыманьня цікавасьці да Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў 16 чалавек, у тым ліку асуджаных за злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасьці»

— Колькі незалежнасьці засталося ў Беларусі цяпер, на дзень афіцыйнага яе сьвяткаваньня?

— Як і дзень, абраны ўладай для сьвяткаваньня, незалежнасьць у нас вельмі своеасаблівая. 3 ліпеня 1944 года мы не сталі ад кагосьці незалежнымі. Незалежнасьць, сувэрэнітэт немагчыма вымераць рулеткай ці тэрмомэтрам. Але можна сказаць, якія кампанэнты сувэрэнітэту былі саступленыя, а якія не былі. З пачаткам поўнамаштабнай вайны суб’ектнасьць Беларусі ў вайсковай сфэры зьнізілася амаль да нуля. Аўтаномных вайсковых рашэньняў беларуская ўлада сёньня прымаць ня можа, паколькі ў Пуціна ёсьць цікавасьць да гэтага рэгіёну.

У эканоміцы залежнасьць ад Расеі — гэта не зусім тое ж самае, што страта сувэрэнітэту. Лукашэнка можа прымаць эканамічныя рашэньні, але ён знаходзіцца ў ланцугах, якімі сам сябе скаваў за апошнія 30 гадоў. У яго ёсьць магчымасьць, сувэрэннае права ўчыніць эканамічнае самагубства, вядома. Ён можа разарваць сувязі з Расеяй, сказаць: «Не, мы зараз пойдзем на Захад, не патрэбная нам ваша танная нафта», але гэта можа стаць апошнім яго рашэньнем. Тое ж самае і ў замежнай палітыцы. У Лукашэнкі ёсьць права зрабіць усё, што ён захоча, выйсьці з саюзнай дзяржавы, дэнансаваць усе дамовы з Расеяй. Але мы разумеем, якія будуць наступствы. Цяпер мы, напэўна, недзе вельмі блізкія да мінімальнага абʼёму сувэрэнітэту, які ў Лукашэнкі быў за ўвесь час ягонага кіраваньня. Хаця, магчыма, у лютым-сакавіку 2022 года было яшчэ менш. Тады было незразумела, ці пашлюць беларускае войска ваяваць. Цяпер тое, што не пашлюць, ужо норма, зь якой зыходзяць усе, у тым ліку і Расея.

— Добра пашытую тэорыю не абвяргаюць ніякія факты. Не ваюе беларускае войска ва Ўкраіне — бо проста Пуціну ня трэба. Сустракаецца Лукашэнка з Келагам — бо Пуцін загадаў, гэта частка крамлёўскай гульні. Так? Калі лічыце, што не, то ці можаце даказаць?

— Па першым вашым прыкладзе — я якраз прыхільнік вэрсіі, зь якой вы ня згодны. Што беларускае войска не ўдзельнічае ў вайне, таму што Пуцін гэтага сапраўды сурʼёзна не захацеў. Я лічу, што ніякага ціску на Лукашэнку не было. Калі б ён быў, то я не магу сабе ўявіць, што па самым галоўным для Пуціна пытаньні ён атрымаў адмову і працягнуў з узмоцненай інтэнсіўнасьцю карміць рэжым, які яму адмовіў. Лягічным шляхам мы прыходзім да таго, што хутчэй за ўсё або запыту не было, або ён быў вельмі мяккім. І для Пуціна аргумэнты Лукашэнкі аб тым, чаму не варта выкарыстоўваць беларускае войска ў вайне, аказаліся больш важкімі, чым патрэба ў беларускім войску на фронце. У Паўночнай Карэі — мільённае войска. І 1% гэтай мільённай арміі — гэта значны ваенны фактар. 1% беларускага войска на фронце ніхто б проста не заўважыў.

У другім выпадку — з візытам Келага, у мяне проста няма падстаў лічыць, што гэта адбылося па камандзе з Масквы. Дыпляматычнае ўзаемадзеяньне Беларусі з ЗША пачалося ў сярэдзіне мінулага году, яно выйшла ў публічную форму сёлета. Калі б на нейкай стадыі гэтага працэсу Расея прасыгналізавала, што яна супраць, то Менск спыніўся б. А навошта ім пярэчыць, калі Расея сама вядзе падобныя перамовы, абмяркоўваючы яшчэ больш глябальныя ўзаемныя саступкі з ЗША? Нават тэарэтычна складана сабе ўявіць сытуацыю, у якой трампісцкая Амэрыка нейкім чынам адрывае Беларусь ад Расеі. Я нават ня бачу, чаму гэта было б у інтарэсах трампісцкай Амэрыкі. Тут проста няма ніякай пагрозы, і таму Пуцін ня ўмешваецца. У пытаньнях, дзе ў Крамля няма выяўленай цікавасьці, у Менску ёсьць свабода манэўру. У Пуціна няма праблемы з тым, што Лукашэнка наладжвае свае стратэгічныя адносіны з Кітаем. І ён абсалютна вольны ў ступені і тэмпе гэтага працэсу, таму што Расея не ўспрымае гэта як пагрозу. Тое ж самае і ў адносінах да ўнутранай палітыкі. Пуціна не цікавіць, колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў. І Лукашэнка вольны сам вырашаць гэтае пытаньне.

— Якія падзеі апошняга часу сьведчаць пра зьмяншэньне «абʼёму сувэрэнітэту» Беларусі, а якія — пра яго захаваньне ці нават павялічэньне?

— Сувэрэнітэт — гэта валоданьне вярхоўнай уладай на канкрэтнай тэрыторыі. І ў гэтым сэнсе з сувэрэнітэтам Беларусі нічога не адбылося. Не ўзьнікла якіх-небудзь наднацыянальных мэханізмаў абмежаваньня беларускага сувэрэнітэту. «Дарожныя мапы», падпісаныя з Расеяй, не ствараюць абавязаньняў, у якіх Расея мае права загадваць. Калі вы паглядзіце на ўсе пагадненьні, падпісаныя з Расеяй, там усюды ёсьць прынцып парытэту, нідзе няма аўтаматычнага дамінаваньня Масквы. Таму мы, мусіць, павінныя адысьці ад слова сувэрэнітэт і казаць аб рэальнай здольнасьці прымаць аўтаномныя рашэньні, не ўзгадняючы іх з Масквой. Гэта здольнасьць невялікая, з улікам і вайсковай і эканамічнай залежнасьці, з улікам гатоўнасьці Расеі зьвяртацца да сілы, каб трымаць пад кантролем сваіх саюзьнікаў.

Магчыма, дыялёг з Захадам, дыялёг з ЗША прывядзе да пашырэньня гэтай прасторы магчымасьцяў для Лукашэнкі. Магчыма, завяршэньне вайны прывядзе да таго, што Расея перастане быць фактарам, які засланяе ўсё. Але ў любым выпадку Беларусь у вузкім калідоры магчымасьцяў, і гэтае сьледзтва нават ня столькі пачатку поўнамаштабнай вайны, колькі падзей 2020 года.

— Пэўны час таму ў перадачы «Часики тикают» вы задалі цікавае пытаньне: Калі на зьмену Лукашэнку прыйдуць тэхнакраты-прагматыкі, ці не палічаць яны за лепшае прагматычна здаць Беларусь багатаму ўсходняму суседу? Што можа прадухіліць такі сцэнар — іншы прагматычны разьлік ці наагул нешта іншае?

— Я не сьцьвярджаў, што калі прэзыдэнтам стане Круты ці Турчын, то яны здадуць краіну. Гэта хутчэй асьцярога, што мы аб іх занадта мала ведаем. Лягічна выказаць здагадку, што яны, як людзі маладзейшага пакаленьня, як людзі, чыё станаўленьне прайшло ў незалежнай краіне, маюць больш ідэалягічных прычын хацець, каб краіна заставалася незалежнай. Для Лукашэнкі развал Савецкага Саюзу быў трагедыяй. У яго велізарная настальгія па СССР і толькі яго прага да ўлады зьяўляецца галоўным стрымліваючым фактарам ад таго, каб ён асабіста сваімі рукамі гэты сувэрэнітэт не аддаў. Сацыялізацыя гэтых людзей адбывалася ў незалежнай краіне — гэта іх значнае адрозьненьне ад Лукашэнкі ў лепшы бок. Але напэўна мы гэтага ня ведаем. Калі мы ўявім сабе людзей без такой жа прагі да ўлады, без такой жа апантанасьці ўладай, як у Лукашэнкі, яны могуць глядзець на нейкія рэчы больш утылітарна. Калі для мэтаў росту ВУП і ўстойлівасьці балянсаў эканомікі спатрэбіцца прадаць нейкія прадпрыемствы расейцам, цалкам магчыма, што ў гэтых людзей ня будзе такога супрацьдзеяньня гэтаму, як было і ёсьць у Лукашэнкі.

У нас быў кандыдатам у прэзыдэнты ў 2020 годзе Валер Цапкала. Ён па сутнасьці з гэтай жа кагорты прагматыкаў-тэхнакратаў. І ў адным са сваіх першых перадвыбарных выступаў ён сказаў: «А чаму б не прадаць нафтаперапрацоўчыя заводы Расеі? Гэта ж іх нафта, гэта прадпрыемствы, якія арганічна ўпісваюцца ў расейскую нафтаперапрацоўку». Тады было модна падлашчвацца да Расеі, і ўсё гэта рабілі ў рознай ступені. Гэта забылася за пратэстамі. Але ж гэтая лёгіка можа тычыцца ня толькі Цапкалы ўзору 2020 года. Калі няма моцнай волі да ўлады, то ў мяне вялікае пытаньне, на чым бы грунтавалася патрыятычная, непрарасейская пазыцыя мэнэджэраў. Тэхнакратызм гэтых людзей — гэта для мяне неадназначны плюс ва ўсіх пытаньнях. Гэта сьведчыць аб іх прафэсіяналізьме, але пакуль яшчэ нічога не гаворыць аб іх стаўленьні да незалежнасьці Беларусі.

— Ізноў да беларуска-амэрыканскага дыялёгу, да формулы магчымай угоды — зьмяншэньне ці скасаваньне санкцыяў у абмен на вызваленьне палітвязьняў. Адзін з сурʼёзных аргумэнтаў супраць — Лукашэнка ў любы момант можа пасадзіць новых. Але можна прыгадаць, што ў папярэдніх раўндах нармалізацыі адносінаў з Захадам (2008 і 2016 гады) санкцыі здымалі, палітвязьняў вызвалялі і ніякіх новых масавых пасадак на працягу некалькіх гадоў не было. Чаму? Ці можа і зараз адбыцца гэтак жа?

— Я ня бачу, каб для Лукашэнкі падтрыманьне нейкай колькасьці палітвязьняў было абавязковым спадарожнікам ягонага рэжыму. Але поўная адмова ад рэпрэсій ці нават адмова ад рэпрэсій у той ступені, у якой гэта было ў 2015-2019 гадах, вось гэта мне сапраўды складана ўявіць пры сёньняшнім Лукашэнку. Праз траўму дваццатага года ён разумее, да чаго вядзе абмежаваная лібэралізацыя. Тады спыніліся арышты. То бок, людзі выходзілі на вуліцы, але іх саджалі толькі на «адміністратыўку». Былі рэгулярныя акцыі пратэсту. Нікога не саджалі за камэнтары ў сацсетках, за абразы Лукашэнкі. Тады былі справы рэгнумаўцаў, была справа «Белага легіёну», справа БЕЛТА, людзей нават саджалі на час сьледзтва. Але рэальных тэрмінаў ніхто не атрымліваў. Ці гатовы сёньня рэжым на гэта? То бок, ён выпускае палітвязьняў. І нехта зь іх, самыя сьмелыя, пачынаюць зноў крытыкаваць уладу. Або Статкевіч выходзіць на плошчу з пікетам. Улада зноў будзе абмяжоўваць сваю рэакцыю «адміністратыўкамі»? Думаю, што мы далёка ад гэтага.

Калі б мы жылі ў сытуацыі неабмежаванага па часе кіраваньня Лукашэнкі, напэўна, гадоў праз 10 ён бы да гэтага мог сасьпець. Але праз 3-5 гадоў надыдзе пэрыяд біялягічнага транзыту. То бок, трэба будзе думаць пра тое, як перадаваць уладу. І перад гэтым адказным момантам арганізоўваць лібэралізацыю будзе даволі непасьлядоўна для Лукашэнкі. Таму для мяне гэта будзе вялікім сюрпрызам, калі атрымаецца дамовіцца ня толькі аб вызваленьні палітвязьняў, але і аб тым, што рэпрэсіі вяртаюцца на ўзровень 2016-2017 гадоў. Дапусьцім, што Лукашэнка дамовіцца з Трампам, усе палітвязьні будуць вызваленыя, санкцыі будуць зьнятыя. Але калі пасьля гэтага Лукашэнка пасадзіць новых 30 ці 300 чалавек, я ня думаю, што ў адміністрацыі Трампа абурацца і скажуць — тады мы вяртаем санкцыі. Цяпер крыху іншы сьвет.

— Лукашэнка, выступаючы напярэдадні афіцыйнага дня незалежнасьці, даў зразумець, што ня ўсе ў яго атачэньні згодныя з вызваленьнем палітвязьняў. Але хіба для дыктатара маюць хоць якое значэньне думкі яго падданых, хоць бы і зь яго блізкага атачэньня?

— Я думаю, што ёсьць разуменьне, асабліва пасьля дваццатага году, што ляяльнасць гэтых людзей — сілавікоў, ідэолягаў, прапагандыстаў — прынцыпова важная нават у аўтарытарным рэжыме. І проста загадаць ім зараз думаць па-новаму, азначала б рызыкаваць тым, што яны ў наступны крытычны момант яго не падтрымаюць. Я думаю, што Лукашэнка стаў шанаваць іх ляяльнасць пасьля дваццатага году яшчэ больш, асабліва тых, хто застаўся зь ім, прайшоў зь ім гэты час. Таму гэта ня першы раз, калі Лукашэнка спрабуе легітымізаваць свае рашэньні ў вачах гэтых людзей, у вачах «ястрабаў». І камісія па вяртаньні, сабраная, па сутнасьці, з гэтых жа людзей, мне бачыцца такім жа мэханізмам. Гэта спосаб зрабіць так, каб ні ў кога не было сумневаў, што гэтыя рашэньні — гэта не вальнадумства ці валюнтарызм Лукашэнкі, гэта дэманстрацыя таго, што паслабленьні ўхвалілі нават «ястрабы», што і яны былі ўцягнутыя ў прыняцьце рашэньняў. Ён хоча, каб яго рашэньні не ўспрымаліся як нейкая патэнцыйная здрада найбліжэйшымі яго паплечнікамі. Цяпер ужо адкрыта гаворыцца, што памілаваньні — гэта частка дыялёгу з Захадам. І Лукашэнка наўпрост намякае на тое, што вызваленьне Ціханоўскага — гэта міна запаволенага дзеяньня пад адзінства апазыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Ціханоўскі набірае сабе каманду

— Вызвалены палітвязень Сяргей Ціханоўскі паабяцаў нанесьці найбліжэйшы «магутны ўдар па лукашызьме і яго прапагандзе прыкладна праз тры тыдні». Якія перадумовы посьпеху такога ўдару?

— Гэта ўнутраная дэстабілізацыя ў Беларусі. Калі ўнутры краіны пачынаецца новы палітычны крызіс, выкліканы чым заўгодна — эканамічным крызісам, няўдалым транзытам улады, сьмерцю Лукашэнкі, яшчэ нейкімі катаклізмамі, зьяўляецца палітычная дынаміка ўнутры краіны, у эміграцыі зьяўляецца зазор для таго, каб у гэтую блытаніну, у гэтую турбулентнасьць умяшацца. Я, мякка кажучы, ня ўпэўнены, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя 3 тыдні.

Па-мойму, дастаткова відавочна, што інструмэнтарый колькі заўгодна энэргічных дзеяньняў з-за мяжы разьбіваецца аб тую простую рэальнасьць, што ў гэтых дзеяньняў няма рычагоў уплыву на здольнасьць Лукашэнкі кантраляваць краіну. Перамены павінны пачацца ўнутры краіны. І потым, пры добрым зьбегу абставін, самыя энэргічныя і аўтарытэтныя прадстаўнікі дыяспары, напэўна, змогуць да іх далучыцца. У астатнім, напэўна, у Ціханоўскага ёсьць магчымасьці зрабіць унёсак у мабілізацыю актыву, падтрымліваць увагу нейкай часткі беларусаў да палітычнай павесткі, але перадаткавага мэханізму ад мэдыяактыўнасьці людзей на эміграцыі да рассыпаныя рэжыму ўнутры краіны я ня бачу.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.