Паводле яго, прадстаўнікі Катару і Эгіпту, якія «прыклалі нямала намаганьняў для дасягненьня міру», перададуць канчатковую прапанову ХАМАС.
«Я спадзяюся, дзеля дабра Блізкага Ўсходу, што ХАМАС прыме гэтую ўгоду, бо лепш ня будзе — будзе толькі горш», — дадаў Дональд Трамп.
Заява Трампа прагучала перад заплянаванай на сёмага ліпеня сустрэчай з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу.
Прэзыдэнт ЗША заклікае Ізраіль і ХАМАС скласьці ўгоду. 29 чэрвеня ён напісаў у Truth Social: «ЗАКЛЮЧЫЦЕ ЎГОДУ Ў ГАЗЕ. ВЯРНІЦЕ ЗАКЛАДНІКАЎ!!». Паводле апошніх зьвестак, у закладніках у баевікоў застаюцца каля 50 чалавек, прынамсі 20 зь іх жывыя.
Папярэдняе пагадненьне аб спыненьні агню Ізраіль і ХАМАС заключылі 19 студзеня 2025 году. Дамова прадугледжвала тры этапы. У рамках першага ХАМАС вызваліў 33 ізраільскіх закладнікаў, а Ізраіль адпусьціў з турмаў амаль дзьве тысячы зьняволеных палестынцаў. Акрамя таго, ізраільскае войска мела паступова пакінуць густанаселеныя раёны сэктару Газа.
Далей за першы этап бакі не прасунуліся. У сакавіку Ізраіль аднавіў удары па Газе. У офісе Нэтаньягу заявілі, што ХАМАС «адкінуў усе прапановы, якія ён атрымаў» ад адмысловага пасланца ЗША на Блізкім Усходзе Стыва Ўіткафа.
У траўні ХАМАС у адказ на ўмовы, прапанаваныя ЗША для 60-дзённага перамірʼя, выставіў свае ўмовы, сярод якіх былі сталае спыненьне агню і поўны вывад ізраільскіх войскаў з Газы. Стыў Уіткаф заявіў, што ўмовы ХАМАС «непрымальныя» і адкідаюць перамоўны працэс назад.
- Вайна Ізраілю і ХАМАС пачалася 7 кастрычніка 2023 году з масавых ракетных удараў узброеных груповак ХАМАС і «Ісламскі джыхад» з сэктару Газа па Ізраілі, заходу баевікоў на тэрыторыю краіны і захопу закладнікаў. У адказ Ізраіль пачаў наносіць масавыя авіяўдары па сэктары Газа, а позна ўвечары 27 кастрычніка зайшоў буйнымі сіламі ў паўночную частку сэктару.
- У выніку вайны ў Ізраілі ад 7 кастрычніка загінулі 1200 чалавек, каля 800 зь якіх — вайскоўцы. Баевікі ХАМАС захапілі больш як 240 чалавек як закладнікаў. У сэктары Газа, паводле зьвестак палестынскага боку, загінулі каля 56 тысяч чалавек. ААН, Human Rights Watch, Усясьветная арганізацыя здароўя, ізраільская праваабарончая арганізацыя «Бэцэлем» і іншыя лічаць гэтыя зьвесткі ў асноўным праўдзівымі, аднак улады Ізраілю і некаторыя амэрыканскія арганізацыі — Вашынгтонскі інстытут блізкаўсходняй палітыкі, Фонд абароны дэмакратыяў, Амэрыканскі інстытут прадпрымальніцтва — аспрэчваюць іх дакладнасьць.
Форум