Як паведаміла прэс-сакратар Белага дому Анна Келі, прыярытэтам сталі «інтарэсы Амэрыкі».
Паводле крыніц Politico і іншых амэрыканскіх мэдыя, могуць быць прыпыненыя пастаўкі:
- ракет-перахопнікаў для сыстэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot,
- снарадаў для гаўбіц,
- ракет Hellfire,
- ракет «паветра-паветра».
Злучаныя Штаты паставілі Ўкраіне зброі і вайсковай дапамогі на больш як 66 мільярдаў даляраў ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
Цяпер яны хочуць, каб сыстэмы супрацьпаветранай абароны і іншае абсталяваньне Ўкраіне перадавалі эўрапейскія саюзьнікі. Але многія неахвотна адмаўляюцца ад сваіх высокатэхналягічных сыстэмаў, асабліва краіны Ўсходняй Эўропы, якія таксама адчуваюць пагрозу з боку Расеі.
Паўза ў пастаўках узбраеньняў Украіне будзе працягвацца да завяршэньня ацэнкі стану амэрыканскіх арсэналаў, распачатай некалькі тыдняў таму. Рашэньне прыпыніць пастаўкі зброі прымаецца падчас узмацненьня расейскіх паветраных удараў па ўкраінскіх гарадах, у тым ліку магутнага камбінаванага ўдару ў выходныя.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на нядаўнім саміце NATO ў Гаазе паведаміў, што ЗША разгледзяць магчымасьць перадачы Ўкраіне дадатковых сыстэмаў Patriot, але адзначыў, што іх «вельмі цяжка дастаць», бо яны патрэбныя як самім ЗША, так і Ізраілю. На пытаньне пра далейшую абаронную дапамогу Ўкраіне Трамп адказаў: «Паглядзім».
Міністар абароны Піт Гэґсэт раней заяўляў, што Эўропа павінна ўзяць на сябе больш адказнасьці за ўласную абарону, а фінансаваньне вайсковай дапамогі Ўкраіне будзе скарочана. Ён таксама падкрэсьліў, што адміністрацыя Трампа выступае за «мірнае ўрэгуляваньне шляхам перамоваў», якое, на яе думку, найбольш адпавядае інтарэсам абодвух бакоў канфлікту і ЗША.
Форум