У чэрвені, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на волю выйшлі мінімум 33 чалавекі: 20 цалкам адбылі тэрміны, яшчэ 13 палітвязьняў былі памілаваныя.
Сярод вызваленых адзін з самых вядомых вязьняў — гэта Мікалай Брэдзелеў, якія адседзеў больш за 3 гады і 6 месяцаў. Мікалай, які працаваў кіраўніком ўправы па сувязях з грамадсзасьцю кампаніі A1, у 2022 годзе ў Менскім гарадзкім судзе асудзілі да чатырох гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў прадстаўленьні грашовых сродкаў для сьвядомага забесьпячэньня дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня (арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу) — блогеру Антону Матольку. Пры гэтым праект Антона Матолькі быў прызнаны «экстрэмісцкім» ужо пасьля затрыманьня Мікалая Брэдзелева — у сакавіку 2022-га. Пасьля затрыманьня Мікалая ў сьнежні 2021 году стала вядома, што сілавікі яго зьбівалі. Мікалай адбываў тэрмін у папраўчай калёніі № 22.
Сярод вызваленых у чэрвені Андрэй Хранкоў, які правёў у зьняволеньні больш за 4 гады і 9 месяцаў. Ён быў затрыманы 30 жніўня 2020 году ў Менску падчас нядзельнай акцыі пратэсту, а менавіта пасьля сутычкі, якая завязалася паміж супрацоўнікамі міліцыі і пратэстоўцамі, якія спрабавалі адбіць іншага пратэстоўца ад затрыманьня (палітвязьня Аляксея Чарвінскага). Андрэя абвінавацілі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі). 27 лістапада 2020 году судзьдзя суда Ленінскага раёну Менска Марына Запасьнік пакарала Хранкова пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. У верасьні 2021 году суд пастанавіў зьмяніць агульны рэжым у калёніі на турэмны тэрмінам на тры гады.
Сярод вызваленых, паводле праваабаронцаў «Вясны», і Аляксандар Раентаў, які знаходзіўся ў зьняволеньні больш за 4 гады і 6 месяцаў. Палітвязень першы раз быў жорстка затрыманы 29 жніўня 2020 году ў тралейбусе разам са сваёй сястрой Натальляй. Відэа затрыманьня разьляцелася па СМІ і сацыяльных сетках. Тады Аляксандар атрымаў арышт, на яго сястру была заведзеная крымінальная справа. Па крымінальнай справе ён быў затрыманы празь некалькі месяцаў. Яго абвінавацілі па арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і па арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). 17 траўня 2021 году Аляксандра пакаралі пяцьцю гадамі калёніі. Пазьней палітвязьню ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму № 8. Вядома, што ў зьняволеньні яго зьмяшчалі ў ШІЗА і ПКТ.
Аляксей Парэцкі адбыў больш за 2 гады і 11 месяцаў у зьняволеньні. Аляксей — архітэктар, адукацыю атрымаў у Маскоўскім архітэктурным інстытуце. Таксама скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ламаносава, факультэт гісторыі Ўсходняй Эўропы. Быў удзельнікам рэаліці-шоў «Бітва дызайнэраў» на канале ТНТ. 25 ліпеня 2022 года яго прызналі вінаватым у «паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі» (ч. 2 арт. 367 КК), а таксама ў «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Яму было прызначанае пакараньне ў выглядзе трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Сам Парэцкі да суду знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе і ўжо ў залі суду яго ўзялі пад варту. Вядома, што Аляксей мае 3-ю групу інваліднасьці. Адбываў тэрмін у наваполацкай ПК № 1.
Выйшаў на волю і Руслан Ліньнік. Ён знаходзіўся за кратамі больш за 4 гады і 3 месяцы. Руслан — беларускі YouTube-блогер, які з 2020 года рабіў ролікі на грамадзка-значныя і палітычныя тэмы. Яго затрымалі 20 лютага 2021 году, а пазьней абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі да чатырох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У мінулым кастрычніку ён ня выйшаў на волю па адбыцьці тэрміну, а быў затрыманы па новай крымінальнай справе.
Сярод вызваленых Аляксандр Лаўрэнцьеў — больш за 3 гады і 1 месяц у зьняволеньні. Аляксандра асудзілі да трох гадоў і чатырох месяцаў зьняволеньня ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму за «абразу Лукашэнкі» і «абразу прадстаўніка ўлады». Улетку 2024 году Аляксандру дадалі яшчэ адзін год зьняволеньня паводле артыкулу 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Аляксандар — палітычны актывіст з Горадні. У 2017 годзе ён выступаў на акцыях пратэсту, зьвязаных з увядзеньнем «падатку на дармаедзтва». У 2019 годзе паставіў намёт перад адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Горадні, каб вырашыць жыльлёвае пытаньне. У 2020 годзе правёў шэраг акцый за ўвядзеньне карантыну ў Беларусі падчас пандэміі COVID-19. Вядома, што восеньню 2020-га году Аляксандар зьехаў у Польшчу, але потым вярнуўся і жыў у Горадні.
Таксама ў чэрвені на волі апынуўся Ігар Хартановіч, які адседзеў больш за 2 гады і 10 месяцаў. Яго затрымалі 5 жніўня 2022 году на працоўным месцы. Нехта паклікаў яго на прахадную, а калі ён падышоў, яго спынілі спачатку два «супрацоўнікі», потым пад’ехаў аўтобус, зь якога выскачылі амапаўцы ў поўнай экіпіроўцы. Ігар нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. У судзе Лідзкага раёну 3 лістапада 2022 году быў вынесены прысуд: тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у «абразе» і «паклёпе на Лукашэнку», а таксама ў «гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненьні да службовай асобы». Адбываў пакараньне ў ПК-15. Па падліках праваабаронцаў выйшаў на волю 15 чэрвеня 2025 году.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум