Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўпершыню за апошнія гады павіншаваў з Днём незалежнасьці ЗША ня толькі народ, а і прэзыдэнта Трампа


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

«У пэрыяд Вашага першага прэзыдэнцтва Менск і Вашынгтон сталі на шлях нармалізацыі адносінаў», — гаворыцца ў пачатку віншаваньня.

«На жаль, у пэўны момант беларуска-амэрыканскае ўзаемадзеяньне адышло ад той пазытыўнай лініі. Перакананы, што такі стан не адпавядае нацыянальным інтарэсам ні нашых краінаў, ні народаў. Прыйшоў час яго зьмяніць», — напісаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь заўсёды выступала за выбудоўваньне канструктыўнага і паважлівага дыялёгу з ЗША.

«Спадзяюся на аднаўленьне станоўчай дынамікі міждзяржаўных кантактаў і рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва», — гаворыцца ў віншаваньні.

Аляксандар Лукашэнка таксама пажадаў Дональду Трампу і народу ЗША міру, дабрабыту і росквіту.

А што было ў ягоных віншаваньнях раней?

2024

Лукашэнка падкрэсьліў важнасьць канструктыўных кантактаў з ЗША. Адзначыў дапамогу простых амэрыканцаў у барацьбе з нацызмам, пасьляваенным аднаўленьні і пераадоленьні наступстваў Чарнобылю. Запрасіў амэрыканцаў «зазірнуць за гарызонт» і скласьці асабістае ўражаньне пра Беларусь, запрасіўшы ў краіну. Пажадаў народу ЗША міру і мудрасьці мірнага суіснаваньня.

2023

Пажадаў мірнага неба, адзначыўшы, што «сёньняшні пакуль яшчэ лякальны гарачы канфлікт у Эўропе можа ўжо заўтра перарасьці ў сапраўднае сусьветнае бедзтва». Напярэдадні выбарчай кампаніі ў ЗША заклікаў абіраць «здольных і адказных палітыкаў», якія «зробяць усё магчымае, каб адвесьці наш агульны дом ад катастрофы». Пажадаў жыхарам ЗША міру, грамадзянскай згоды і правільнага, самастойнага выбару.

2022

Пажадаў амэрыканцам здароўя, міру, стабільнасьці і веры ў лепшую будучыню. Заклікаў забыць пра рознагалосьсі і абʼяднаць намаганьні для пошуку выхаду з «трывожнай і небясьпечнай сытуацыі» дзеля будучыні народаў і плянэты.

2021

Падкрэсьліў, што абодва народы ведаюць сапраўдную цану сувэрэнітэту і гатовыя яго абараняць. Адзначыў, што Беларусь і ЗША рэалізуюць значныя эканамічныя і гуманітарныя праекты. Выказаў упэўненасьць, што сувязі паміж бізнэсам і простымі грамадзянамі забясьпечаць адносіны даверу і павагі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG