Як паведаміла выданьне «Полацкі веснік», правядзеньне канцэрту ініцыяваў і дабраславіў япіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, а ў праграме гучалі «песьні перамогі, творы пра родную зямлю, вайну і цяжкую дарогу да міру, мужнасьць рускага салдата і веру ў перамогу, сілу духу, любоў».
Ідэоляг і мастацкі кіраўнік руху — расейскі сьпявак Алег Газманаў. Канцэрт вёў ягоны сын Радзівон.
Над сцэнай быў разьмешчаны надпіс «Ад Полацка пачаўся сьвет». Канцэрт завяршыўся песьняй «Русский мир» у выкананьні Алега Газманава, які падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны.
Праект «Песьні перамогі. Галасы пакаленьняў» фінансуе Фонд культурных ініцыятываў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
«Асабліва цёпла палачане сустрэлі песьню лідэра „Родников“, народнага артыста Расеі Алега Газманава „Русский мир“», — адзначаецца на афіцыйным сайце расейскага фонду.
На сайце руху «Родники» паведамляецца, што ён зьяўляецца адкрытай творчай пляцоўкай для музыкантаў, паэтаў, кампазытараў і выканаўцаў. Рух мае сваё радыё і праводзіць розныя музычныя конкурсы.
Алег Газманаў вызначыў такі дэвіз свайго руху: «Калі будуць зьвінець крыніцы, будзе біцца і сэрца Расеі».
Адзначаецца, што канцэрт у Полацку стаў «першым замежным» турам руху.
Форум