Яўгену Казанцаву, які напаў на Паўла Латушку ў Варшаве, прысудзілі штраф у памеры 6000 злотых і дэпартацыю, паведамляе Акруговая пракуратура Варшавы.
Пракуратура падала афіцыйны запыт у Варшаўскую Памежную службу аб прымусовым вяртаньні яго на радзіму.
Як зазначыў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы, пракурор Пётар Антоній Скіба, справа набыла дзяржаўнае значэньне з прычыны характару і месца злачынства. Інцыдэнт адбыўся 2 ліпеня 2025 года падчас лекцыі з нагоды 35-годзьдзя Усходнеэўрапейскага інстытуту пры Варшаўскім унівэрсытэце. Падчас публічнага выступу ў беларускага палітыка і грамадзкага дзеяча, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушку малады чалавек кінуў бак са сьмецьцем. Акрамя таго, нападнік выгукваў на адрас палітыка абразы, сьцьвярджаючы, што Латушка нібы «хацеў спаліць усю апазыцыю». Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасьці 1 ліпеня заявіў, што нібыта менавіта Павал Латушка хацеў сабраць у пасьлявыбарчую ноч у цэнтры Менску штаб Ціханоўскай і спаліць яго, каб ачоліць апазыцыю. Павал Латушка ў адказ назваў Лукашэнку «паталягічным хлусам, які перасягнуў самога сябе».
Пазьней стала вядома, што нападнік – грамадзянін Беларусі, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэта Яўген Казанцаў.
Яму выставілі абвінавачаньні за паклёп і за замах на недатыкальнасьць асобы. Ён прызнаў віну, пакаяўся і растлумачыў, што дзейнічаў у стане афэкту. Казанцаў пагадзіўся на прызначанае пакараньне — штраф і аплату судовых выдаткаў.
Акрамя крымінальнага перасьледу, пракуратура прыняла рашэньне аб дэпартацыі студэнта.
Адразу пасьля нападу Казанцаў распавёў Reform.news пра свае матывы. Мужчына прызнаўся, што ў яго скончылася віза, што «выгарэў» і ня змог абараніць навуковую працу.
29 чэрвеня Казанцаў спрабаваў сарваць выступ яшчэ аднаго беларускага палітыка Зянона Пазняка, паведаміла «Наша ніва». Тым разам Казанцаў выгукнуў «Ганьба!» і ўцёк.
Форум