Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праверка фонду ByHelp выявіла выцек даных з базы арганізацыі. Аляксей Лявончык ня згодны


Аляксей Лявончык
Аляксей Лявончык

11 чэрвеня 2025 году Нарвэскі Хэльсінскі камітэт (NHC) прадаставіў партнэрам вынікі расьсьледаваньня ў дачыненьні фонду ByHelp, які ўзначальвае Аляксей Лявончык. Па выніках праверкі ByHelp пакінуў Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі ахвярам рэпрэсій у Беларусі (IHFRB).

Аб тым, што ByHELP пакідае IHFRB, стала вядома яшчэ 2 ліпеня.

«30 чэрвеня адбылася сустрэча, у час якой Хэльсінскі камітэт прадставіў поўную справаздачу аб парушэньнях, выяўленых у дзейнасьці ByHelp у рамках гуманітарнага фонду. Па выніках абмеркаваньня было прынятае рашэньне аб спыненьні супрацы паміж МГФ і ByHelp», — паведаміла тады «Эўрарадыё».

Цяпер рэдакцыя Reform.news заявіла, што атрымала поўны тэкст расьсьледаваньня NHC. Якія ключавыя моманты?

Падставай для расьсьледавання стала афіцыйная скарга ад неназванага партнэра (А), які тычыцца дзейнасьці ByHelp. NHC называе ByHelp ключавым партнэрам па рэалізацыі праграмы IHFRB. Скарга паступіла ў студзені 2025 году і прывяла да структураванага расьсьледаваньня, праведзенага NHC, уключаючы ўзаемадзеяньне з ByHelp, іншымі арганізацыямі-партнэрамі і аналіз прадстаўленай фінансавай дакумэнтацыі.

Неназваны партнэр вылучыў тры блёкі абвінавачаньняў:

1. Праблемы зь бясьпекай

Былі выказаны асьцярогі з нагоды працягу ўдзелу ByHelp у IHFRB з-за яго няздольнасьці належным чынам абараняць даныя бэнэфіцыяраў — ключавое патрабаваньне праграмы. Пасьля сур’ёзнага інцыдэнту ў жніўні 2024 году ўзьніклі сумневы ў выкананьні ByHelp пратаколаў бясьпекі і дастатковай абароне даных, што паставіла пад пагрозу ўцягнутыя бакі. ByHelp жа не паведаміў адкрыта аб здарэньні іншым удзельнікам фонду.

Меркаваны выцек інфармацыі з базы ByHelp быў за 2024 год, інфармацыя зьявілася ў беларускіх дзяржаўных СМІ.

2. Патэнцыйныя фінансавыя парушэньні

Меркаваліся разыходжаньні паміж заяўленымі ByHelp фінансавымі данымі і ўнутранымі справаздачамі, а таксама магчымае падвойнае фінансаваньне.

3. Манапалізацыя гуманітарнага фонду

Адзначалася неканструктыўная камунікацыя і сьцьверджаньні аб тым, што ByHelp перашкаджаў удзелу іншых арганізацый грамадзянскай супольнасьці (CSO) у праграме IHFRB.

Асноўныя высновы праверкі

ByHelp прызнаў факт выцеку даных і адсутнасьць агульных пратаколаў абароны зьвестак. Сьцьвярджалася, што з тых часоў былі ўведзены стражэйшыя ўнутраныя меры кантролю.

Донар X паведаміў аб слабой дакумэнтацыі, несанкцыянаваных збменах у мэтавых групах бэнэфіцыяраў і недапушчальных затрымках. Кантракт з ByHelp ня быў працягнуты. Аналіз дакумэнтацыі ByHelp выявіў сур’ёзныя падазрэньні ў парушэньнях. Збор даных NHC для пацьверджаньня або абвяржэньня гэтых падазрэньняў быў сур’ёзна абцяжараны шматлікімі затрымкамі, супярэчлівымі тлумачэньнямі і непрадастаўленьнем інфармацыі. Гэтыя дзеяньні парушаюць дамовы IHFRB і дамовы паміж NHC і ByHelp.

Унутраныя кантрольныя сыстэмы ByHelp сталіся слабымі, закрытымі і пазбаўленымі сыстэмы ўзаемнага кантролю паміж кіраўніцтвам і фінансавым дырэктарам.

Сустрэчы з партнэрамі A, C і D у Вільні і Варшаве пацьвердзілі асьцярогі наконт дзейнасьці ByHelp: адсутнасьць празрыстасьці, квітанцый ад бэнэфіцыяраў і неадпаведнасьці ў плацёжных запытах. Таксама быў выяўлены патэнцыйны канфлікт інтарэсаў паміж ByHelp і C, які быў ухілены шляхам спыненьня фармальных сувязяў.

У выніку NHC ацаніў рызыкі для ByHelp і прыйшоў да высновы, што імавернасьць нямэтавага выкарыстаньня сродкаў або наяўнасьці нязьдзейсьненых дзеяньняў нізкая. Да высокіх рызык праверка аднесла слабыя адміністрацыйныя навыкі, фальсыфікаваныя/адсутныя квітанцыі, падвойнае фінансаваньне, падробку ўнутраных дакумэнтаў.

Рэакцыя Лявончыка

«ByHelp ня згодны з высновамі, зробленымі ў гэтай справаздачы. Дадзеная справаздача істотна скажае рэальнасьць у больш чым адным месцы», — сказаў Аляксей Лявончык.

Ён пералічыў некалькі высноў, зь якімі ня згодзен.

«Я зьвярну ўвагу на некалькі пунктаў, якія мне падаюцца найбольш разьбежнымі з рэальнасьцю.

У прыватнасьці, я зьвярну ўвагу на тое, што BYHelp „прызнаў факт выцеку даных і адсутнасьць агульных пратаколаў абароны даных“. BYHelp ніколі не прызнаваў фактаў адсутнасьці пратаколаў абароны даных, бо гэта не адпавядае рэальнасьці.

Больш за тое, мы выкарыстоўваем адмыслова створаныя для нашых пратаколаў сыстэмы, якія забясьпечваюць максымальны, наколькі гэта магчыма ў гэтых умовах, узровень абароны інфармацыі. Акрамя фізычнай абароны інфармацыі, прымяняюцца і мэрытарычныя падыходы да абароны атрымальнікаў дапамогі», — заявіў ён.

Акрамя таго, ня згодны кіраўнік фонду і яшчэ з адным пунктам, які яму падавецца асноўным.

«У выніку расьсьледаваньня прайшоў вонкавы аўдыт выкарыстаньня сродкаў фонду. Гэты аўдыт ня выявіў нямэтавага выкарыстаньня, і ўсе выдаткі былі карэктна пацьверджаныя і задакумэнтаваныя. Дадзеная справаздача ня згадвае гэтага факту, хоць, як па мне, ён ёсьць ключавым».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG