Тры гады таму Рада Эўропы «разарвала стасункі з рэжымам» Аляксандра Лукашэнкі «за падтрымку агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», але не адмовілася ад беларускага народу, заявіў генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ, перадае «Позірк».
У відэароліку, разьмешчаным 6 ліпеня на старонках арганізацыі ў сацыяльных сетках, Бэрсэ нагадаў, што ў 2022 годзе Рада Эўропы стварыла кантактную групу для ўзаемадзеяньня зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю.
«Кантактная група Рады Эўропы па Беларусі — гэта пасланьне: перамены пускаюць карані нават там, дзе адмоўлена ў дэмакратыі і заглушаюцца правы чалавека. Шлях можа быць доўгім, але наша прыхільнасьць новай — свабоднай — Беларусі застаецца непахіснай», — падкрэсьліў ён.
У гэтым жа роліку прыводзіцца ацэнка факту стварэньня такой групы з боку беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай:
«Вельмі важна, што Рада Эўропы зрабіла гэты нестандартны, але значны крок — бо як краіна Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Але вы адважыліся фармалізаваць стасункі з дэмакратычным рухам. Тут мы атрымліваем экспэртную падтрымку па будучых рэформах, напрыклад, па фармаваньні бачаньня будучай Беларусі».
У паведамленьні, якое суправаджае відэаролік на старонцы Рады Эўропы ў «Фэйсбуку», адзначана, што ў яна «цьвёрда адданая падтрымцы ўсіх беларусаў — як тых, хто знаходзіцца ў краіне, так і тых, хто жыве ў выгнаньні, тых, хто імкнецца да дэмакратычных перамен і лепшай будучыні».
Кантактная група названая «праявай салідарнасьці і падтрымкі беларускага народа і міжнароднай супольнасьці».
Тры гады таму Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу перад Камітэтам міністраў Рады Эўропы заклікала стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях зь Беларусьсю.
Беларусь — адзіная краіна на кантыненце, якая ня стала сябрам Рады Эўропы. У сакавіку 2022 году супраца Рады Эўропы з рэжымам Лукашэнкі была прыпыненая праз тое, што афіцыйны Менск падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны. Тады ж Расейская Фэдарацыя была выключана з Рады Эўропы.
У якасьці альтэрнатывы 7 верасьня 2022 году была створана кантактная група па супрацы Рады Эўропы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.
Ад Рады Эўропы ў групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх палітычных структур, у тым ліку ПАРЭ і Офісу камісара ў правах чалавека.
Рада Эўропы таксама дала дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.
Форум