Паводле «Гарадзенскай праваабароны» Мікіту Самарыну выстаўленае абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- 364 («гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») і
- 411 («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
За гэта палітзьняволенаму пагражае 7 гадоў зьняволеньня ў дадатак да 2,5 году, якімі яго пакаралі ў сакавіку 2021 году.
Першы раз Мікіта Самарын быў асуджаны ў сьнежні 2020 году. Актывіст атрымаў 4 гады «хіміі» за тое, што ў жніўні падчас пратэстаў распыліў у твар амапаўца газ з балёнчыку.
Тады паведамлялася, што ён адбіваў чалавека пры затрыманьні і распыліў газ на невядомага ў цывільным, ня ведаючы, што гэта пераапрануты міліцыянт.
Праз тры месяцы палітвязьню завочна зьмянілі пакараньне на больш жорсткае — замест «хіміі» прысудзілі 2,5 году зьняволеньня. Мікіта Самарын на той суд не зьявіўся. Па зьвестках «Гарадзенскай праваабароны», з таго часу малады чалавек хаваўся ад міліцыі ў Беларусі.
Сёлета 23 сакавіка Мікіту Самарына выпадкова затрымалі ў Горадні. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, мужчыну спынілі для праверкі дакумэнтаў і прапанавалі прайсьці ў пастарунак. Далей ён нібыта аказаў супраціў міліцыянтам і паспрабаваў уцячы, але быў затрыманы.
Паводле праваабаронцаў, Мікіта Самарын адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам. У суд палітвязьня прывезьлі з штрафнога ізалятару гарадзенскага СІЗА.
Працэс над Мікітам Самарыным пачаўся 2 ліпеня, другое паседжаньне па справе адбудзецца 8 ліпеня.
Да 2020 году ў Гародні Самарын працаваў аўтарэстаўратарам, быў сябрам клюбу рэканструктараў рэтрааўтамабіляў «Вінтаж», удзельнічаў у фотасэсіях і гарадзкіх фэстах.
Форум